Славутаму прароку Майсею ні па матчынай, ні па бацькавай лініі я раднёй не быў. Але, згадваючы першыя дні свайго жыцця, мушу згадаць і прарока. Справа ў тым, што ў бібліі пісана, нібыта маленькага Майсея, зусім немаўлятку, паклалі былі ў нейкі абсмолены кош і пусцілі па вадзе. Добрыя людзі былі ва ўсе часы і ва ўсіх народаў. Яны перахапілі той кош, вынялі з яго немаўлятку і назвалі яго Майсеем, што ў перакладзе са старой жыдоўскай мовы і азначае - «выцягнены з вады». Пасля, праз колькі гадоў, атрымаўшы веды, пазнаўшы добра жыццё, Майсей даў чалавецтву запаветы боскія, якія людзі вывучалі на памяць з малых гадоў, але якіх увогуле ніколі не прытрымліваліся. Асабліва часта парушалі людзі запавет пра хлуслівыя свядоцтвы. Але я хачу сказаць не пра гэта.
Нарадзіўшыся на белы свет, як казала маці мая, я ціхенька ляжаў у калысцы каля самага яе ложка. Яна ж думала: «Трэба жыта жаць. Што рабіць з малым? - Пасля даўмелася:- Прыйдзецца браць у поле. Пакладу яго ў бабку, пад снапы. Там і халадок будзе, і ад мяне блізка, і паветра чыстае...»
У гэты момант расчыніліся дзверы і ў хату закацілася колькі хлопчыкаў: мой старэйшы брат Ваня, два фельчаравы сыны і трое братоў - дзеці вясковага крамніка. Прывалаклі яны вялізныя начоўкі, узяўшы іх аднекуль, бо не нашы. Маці, паводле яе слоў, спачатку расчулілася:
- Ах, якія добрыя хлопчыкі! Гэта вы прыцягнулі начоўкі, каб было ў чым купаць нашага маленькага? Дзякую вам, але ў нас ёсць адмысловая балейка...
- Не, - адказаў старэйшы з іх хлопчык, - мы ў гэтых начоўках павязём яго на млын...
- На які млын? - здзівілася маці. - Навошта?
- А каб ён тут не плакаў, мы яго ўтопім.
З гэтымі словамі яны падышлі да калыскі і началі падымаць мне, каб пакласці ў начоўкі. Пабачыўшы гэта, маці ўскочыла, схапіла ручнік ды пачала іх пытляваць тым ручніком. Такі пачастунак ім не спадабаўся, яны пакінулі свае начоўкі і паўцякалі. Выкінуўшы начоўкі, маці легла зноў на ложак і доўга не магла супакоіцца.
- Тапіць! - паўтарала яна. - Тапіць!..
Што магло б быць, каб маці, скажам, спала, уявіць сабе не цяжка. Пушчаны на ваду, я, зразумела, не стаў бы новым Майсеем, а пайшоў бы на дно ў самым пачатку свайго вандравання... Не дайшоў бы я і да гутарак з богам...
Хоць будучыя мае сябры не здолелі ажыццявіць сваёй задумкі, але яны напрарочылі мне такую вандроўную долю: у сталым веку хвалі насілі мяне на сабе праз усю краіну. Ці шчаслівая яна, гэта мая доля, ці нешчаслівая, я і сам, паклаўшы руку на сэрца, кажу: не ведаю!..