Скончылася зіма. Снегу бадай не засталося. Толькі дзе ў равах, у нізінах, пад дрэвамі. Сонейка прыгравала так, што ад зямлі аж пара ішла. На бярозах, на многіх іншых дрэвах пачалі трэскацца пупышкі, і з'яўляліся светла-зялёныя, кволыя лісточкі. На стрэхах і ў застрэшшах заўзята цвіркалі і ціўкалі вераб'і, нібыта вітаючы вясну. Віталі яе і мы, усе малыя дзеці. Гэта ж не жарты- праседзець колькі часу ў хатах, толькі ў адлігі выбягаючы на панадворак, ды і то - крадком.
І раптам - дзіва, навіна: бацяны прыляцелі! А жылі яны на дзядулевай сядзібе, на старым клёне. На верхавіну клёна было зацягнена старое кола. На ім і змайстравалі сваю сядзібу бацяны.
Дзед быў на гумнішчы. Збегалі да яго.
- Дзядуля, бацяны прыляцелі!
Дзядуля бачыў іх неаднойчы, але ж трэба даць радасць малым, аддзякаваць ім за тое, што прынеслі добрую навіну.
- Прыляцелі? Добра, дзеткі. Зараз іду.
Падышоўшы да клёна, дзядуля выгукнуў:
- Дзень добры, боця!
Бацян нахіліў галоўку з дрэва і заляскаў дзюбкай:
- Та-та-та-та...
- Дзе ж ты лётаў? Што ж ты бачыў?
Бацян зноў у адказ:
- Та-та-та...
- Жыві шчасліва ў нас. Ніхто цябе не скрыўдзіць. А калі што якое - адразу скажы мне. Я таму дам кару добрую...
Бацян паўтарае сваё:
- Та-та-та-та...
Мы ўсе да сваіх матак.
- Мамачка! Дзядуля з бацяном размаўляў. А боця яму пра ўсё апавядаў: як ён лятаў, куды, што дзе бачыў...
Размаўляў ці не размаўляў, але нейкае паразуменне між імі было. Трэба сказаць, што адзін бацян аднойчы закульгаў, недзе ў вялікім падарожжы пашкодзіў ножку. Колькі часу жыў ён у дзеда. А пасля - ведалі дакладна: сем гадоў прылятаў ён, кульгавы, на сваё гняздо.
Пасля загінуў недзе. Пачаў прылятаць новы жыхар гэтага гнязда.