Была нядзеля. Ніякай рабочай стукатні. Можа б, я доўга спаў на печы, але нейкі прыемны пах пачаў ласкатаць мой нос. Выявілася, мама пякла грэцкія бліны. Добра распазнаўшы гэта, я ўмольна папрасіў:
- Мамачка! Дай блінка!
- Ды што ты, сынок! Трэба ўстаць, памыцца, пацеры змовіць, тады і бліны можна есці.
- Я не ведаю пацераў!
- А без іх нічога не будзе. Прыдумай.
Я пасядзеў, пасядзеў. «Трэба маліцца! Бліны, відаць, смачныя!»
І тут мая маленькая фантазія ўзнялася на стварэнне першага ў жыцці твора, ды яшчэ якога - верлібрам!*
* Верлібр - нерыфмаваны верш.
...Ты - наш бог.
Твая і хата.
Твая і печ.
Але ж мама - наша.
Мама ўчыняла бліны.
Мама пячэ бліны.
- Мамачка! Змовіў! Давай блін!
Маму, як яна пасля апавядала, расчуліла ў маёй малітве тое, што я вышэй бога паставіў яе працу.
Так я атрымаў першы ганарар у жыцці, не меўшы і чатырох гадоў ад нараджэння. Ганарар быў круглы, як сонейка, гарачы, як матчына ласка, спажыўны, як родная зямля.