Усюды восень прыгожая і багатая, а ў Сібіры - асабліва. У перадчаканні снежнае зімы, маразоў прырода спяшаецца даць людзям як мага больш асалоды, хараства і пладамі, і барвамі-колерамі. Сотні адценняў пазлацістых і чырвоных можна пабачыць на адным узлессі. А ў самой тайзе - грыбы, ягады. Аднымі брусніцамі несканчоныя прасторы пазайманыя. А рабіны, а журавіны!.. Побач іх гараць-зіхацяць, аж свецяцца сваім нейкім казачным святлом незлічоныя кветкі скрыпеню, кіпрэю, самай цікавай, самай дружнай таежнай зёлкі. Расце скрыпень вялікімі купінамі, цэлыя паляны займае. Асабліва любіць ён гарэлыя мясціны. Колькі пчолы мёду з яго набіраюць-наносяць! Але цікавы ён яшчэ сваёй самаахвярнасцю. Калі прыходзіць першы мароз, усе крайнія зёлкі нахіляюцца галоўкамі к сярэдзіне купіны і закрываюць сабой сябровак. Памерзнуць, загінуць крайнія, а сярэднія, як толькі сонейка ўзнімецца, пачынаюць красаваць так, нібыта і марозу ніякага не было. І так штодня: гінуць крайнія, застаюцца сярэднія. Бывае, што тыдні два цягнецца такое змаганне з марозам. Толькі калі снегам усё засыпле, тады гіне апошні скрыпень...
У сібіракоў ёсць прыкмета, што дзевятнаццатага жніўня абавязкова бывае першы мароз. Пасля зноў цёплыя дні, але ў гэтую ноч - пільнуйся.
...Напярэдадні, гэта значыцца, васемнаццатага жніўня пайшоў я ў калгасную краму купіць пакосту, дафарбаваць дзе што ў хаце. Ад нас тая крама была за кіламетраў шэсць. Крамнічыха займалася нейкімі хатнімі справамі. Пакупнікі чакалі колькі часу на вуліцы. Чакаў, трэба сказаць праўду, нецярпліва і я. «Гэта ж так час марнуецца!» - думалася мне. У звязку з гэтай некаторай нервовасцю я не адразу звярнуў увагу на тое, што мяне тузае за крысо пінжака маленькі хлопчык, тутэйшы жыхар. Тузае і ўсё нешта згадвае Дзеда Мароза ды гуркі. Урэшце я прыгнуўся да яго і запытаўся:
- Што ж табе, мілы хлопчык, трэба?
Хоць не адразу, але з ягоных слоў я даведаўся вось пра што. Ён, гэты самы юны грамадзянін, быў ласы да гуркоў. А бабуля яму сказала, што сёння прыйдзе вялікі Дзед Мароз і забярэ або памарозіць усе гуркі. Вось ён і пайшоў з хаты шукаць таго Дзеда Мароза, каб папрасіць яго не чапаць гуркі. Заўважыўшы ў натоўпе ля крамы вялікага дзеда з белай барадою, ён і накіраваўся да яго, гэта значыцца - да мяне, і пачаў прасіць, каб я абмінуў іхні гарод.
Што рабіць? Прыйшлося, каб супакоіць малога, узяць грэх на душу, выступіць самазванцам першы раз у жыцці.
- Сынок! Ідзі і скажы сваёй бабулі, што я вашых гуркоў чапаць не буду. Усе яны дастануцца на добры спажытак табе!
Той аж затанцаваў ад радасці.
- Праўда, дзядуля?
- Праўда, шчырая праўда!
Ён пабег да свае хаты, каб прынесці бабулі такую прыемную навіну.
Калі я расказаў дома пра нашу з ім гутарку, мая жонка пажартавала:
- Прыйдзецца табе ісці сёння накрываць гуркі ў таго хлопчыка, каб не страціць свой аўтарытэт перад ім.
Але, на шчасце, у гэтую ноч марозу не было і гуркі засталіся цэлыя без накрывання.