Добрая кніга дапамагла

Працаваў я ў райспажыўсаюзе, - канец ліпеня 1931 года. Са сваёй новай работай і абавязкамі азнаёміўся хутка. Сяджу аднойчы, працую. Ідзе аднекуль наш старшыня. Зірнуў я і аж спалохаўся: нельга пазнаць, з твару змяніўся, усхваляваны, відаць, бясконца. Не павітаўшыся, прайшоў да сябе, у кабінет. А ў мяне была тэрміновая справа да яго. Заходжу. Сядзіць, маўчыць, а выгляд усё такі самы - дужа неспакойны.

Я маўчу пра паперу, з якой прыйшоў, а пытаюся:

- Скажыце, калі ласка, якая ў вас непрыемнасць здарылася? Ці не здолею я хоць чым-небудзь памагчы вам?

- А вы не чулі, што ўчора адбылося?

- Не, кажу, нічога не чуў.

І вось што выявілася. Наш гарадок быў ад чыгуначнай станцыі Кацельнічы ў ста сарака кіламетрах. Сувязь падтрымлівалася коньмі. Напрыклад, занаражалася трыста або чатырыста сялянскіх фурманак. Нагружалі іх лёнам, каноплевым валакном, збожжам, адным словам - усялякай сельскагаспадарчай прадукцыяй, і накіроўвалі на станцыю Кацельнічы. Там усё гэта згружалася, а замест сельскагаспадарчай грузілася на фурманкі прадукцыя прамысловая: жалеза, шкло, мануфактура. Улегцы фурманкі не хадзілі, прывозілі крамныя тавары. Але, як на тое ліха, прамысловасць перастала чамусьці рабіць каламазь. Каламазі не было анідзе. На такую вялікую адлегласць, - ледзь не трыста кіламетраў, - ды з грузам фурманкі хадзілі на нямазаных колах. А нездарма ж і прымаўка існавала ў нас: «Пішчыць, як нямазанае кола». А калі запішчаць адразу тысяча або паўтары тысячы нямазаных колаў, што тады? Пякельны канцэрт нейкі, суцэльная какафонія, не горш, чымсьці некаторыя сучасныя музычныя творы «попмузыкі». Спрабавалі людзі рабіць нейкую сваю мазь, - каторыя шукалі дзёгаць, каторыя нават маслам мазалі, - ні таго дзёгцю, ні масла на ўсе колы не хапала. І вось аднойчы накіравалі ў Кацельнічы аж чатыры сотні фурманак, а каб яны не параз'язджаліся па сваіх вёсках выпадкова, адзін нейкі мясцовы начальнік у арганізаваным парадку прагнаў фурманкі па цэнтральнай вуліцы горада на пагрузку. Ехаў такі абоз дужа доўга. І ўсе колы, кожнае на свой лад, пішчалі. Атрымалася такая страшная музыка, што чутно было нават на ўскраіне горада. Зразумела, усе кіраўнікі раёна абурыліся ў першую чаргу на гандлёвыя арганізацыі: «Што вы робіце, чаму не можаце забяспечыць сялян каламаззю?»

Майму старшыні вызначылі тэрмін, дужа кароткі, пасля якога, калі ён не дасць насельніцтву каламазь - павінен пашукаць сабе іншую работу.

Паслухаўшы пра гэту сумную і непрыемную гісторыю, я падаў прапанову: паслаць агентаў і закупіць дзе каламазь, запатрабаваць ад вышэйшых гандлёвых арганізацый. Старшыня мне адказаў:

- А вы думаеце, не пасылалі? Не пісалі? Не прасілі? Аж кленчылі перад тымі арганізацыямі - нічога не памагае, нідзе гэтай каламазі няма.

- Тады, кажу, іншая справа. Будзем рабіць яе самі!

- А вы ўмееце рабіць?

- Не толькі не ўмею, але нават не ведаю, з чаго яе робяць.

- Дык як жа?

- Для гэтага існуюць кнігі. Зараз дамо маланку, - гэта былі такія тэрміновыя тэлеграмы, - у Маскву, у «Кнігу - поштай» і папросім, каб яны прыслалі нам адпаведную літаратуру.

Простая справа? Зусім простая. Але вось уявіце сабе, што дужа часта многія не даацэньваюць ролю кнігі, пачынаюць адкрываць адкрытыя Амерыкі, замест таго каб праверыць у адпаведным падручніку: што зроблена папярэднікамі раней. А тут яшчэ, як на грэх, бывае, што і «Кніга - поштай» не заўсёды акуратна адгукаецца на запытанні. З уласнай практыкі апошніх гадоў маю факты, калі толькі праз пяць-шэсць месяцаў выконваліся мае ўласныя заказы адной правінцыяльнай «Кніга - поштай» і то, калі да іх зайшоў жыхар таго горада і настойліва папрасіў выканаць заказанае... Але ж там - правінцыяльная арганізацыя. А я даў тэлеграму ў маскоўскую. Можаце ўявіць сабе, што праз двое сутак на трэція прыйшла пасылка з кнігамі! Каб я ведаў прозвішча таго добрасумленнага працаўніка, яго трэба было б адзначыць для ўсеагульнага ведама! Той працаўнік літаральна выратаваў і нашага старшыню, і нашу арганізацыю, і наш конны транспарт. У пасылцы было шэсць кніг. Усе яны - капітальныя, фундаментальныя падручнікі і тлумачаць, як арганізаваць вялікую каламазную вытворчасць, цэлыя заводы. Але адна з іх была самая маленькая, з назвай, надрукаванай на сіняй вокладцы белымі літарамі: «Как самому простейшим способом изготовить колесную мазь». Каштавала яна ўсяго трыццаць пяць капеек. І гэтая танюсенькая кніжачка прынесла такую карысць!

Атрымаўшы з пошты пакунак з кнігамі, на скорую руку перагледзеўшы яго, я адразу пайшоў у кабінет да старшыні.

- Іван Якаўлевіч! Прыйшлі кнігі, пачынаем рабіць каламазь.

Мой начальнік усхваляваўся, ускочыў, хапіў усе кнігі, пачаў іх гартаць. Я паказаў яму тую, танюсенькую.

- Якія матэрыялы патрабуюцца для мазі?

- Вада - па-першае.

- Вады маем цэлую раку Яранку.

- Па-другое - вапна.

- Вапны, ронгінскай, - было там такое паселішча Ронгіна, ад якога і пайшла назва вапны, - повен склад.

- А яшчэ - паўгудрон.

- Гэтага дабра пазычым на першы раз у МТС. А больш нічога? Ні масла, ні мёду, ні яек?.. - пачаў жартаваць старшыня.

- Больш нічога. Для першага разу - бочка, драўляная мяшалка.

Выйшлі ўсёй кампаніяй на дварышча. Прынеслі вядро паўгудрону, вапны. Эмульсавалі мяшалкай ваду з паўгудронам і пачалі, памешваючы, насыпаць у тую эмульсію вапну. Літаральна праз пятнаццаць-дваццаць марудных хвілін першы замес быў гатовы.

Сам наш старшыня, не давяраючы нікому, намазаў восі і колы ў дрожках, запрог каня і пакаціў па горадзе. Вярнуўшыся праз колькі хвілін, вясёлы, радасны, ён здалёку закрычаў:

- Браточкі, не пішчыць!

Што казаць далей? Рабочы, які прысутнічаў пры першым замесе, быў тут жа, на панадворку, прызначаны кіраўніком новага прадпрыемства, яму дадзена пад гарантыю - «адказваеш галавой!» кніжачка і двое памагатых.

Праз тыдзень увесь раён быў забяспечаны каламаззю і Яранск пачаў прадаваць яе ў суседнія раёны, але, што праўда, то праўда, свайго сакрэту нікому не адкрываў...

Колькі добрых слоў паслана было па адрасу і аўтара той кніжачкі і людзей, якія так тэрмінова і акуратна выканалі заказ на кнігі!


Загрузка...