Лось на Кухтавай гары

Вайна 1914 года набліжалася да нас шпаркімі крокамі. Нядаўна мы чулі пра Варшаву, пасля пра Гродню, а тут зямля задрыжала і застагнала і ў нас на Манькаўшчыне. Народ збянтэжаны. Улады ніякай не засталося. Некуды зніклі і папы, і ўраднікі. Дзіва што! За Туяніхай баі. Гэта значыцца, за тры-чатыры кіламетры ад нашае вёскі. На фурманках з чырвонымі крыжыкамі вязуць параненых. Некаторыя ідуць-брыдуць пехатой. Адзін ідзе, а вінтовачны затвор прабіў яму шчаку і вісіць так на твары. Мала таго, гэты самы паранены, узяўшыся за штык, валачэ за сабою вінтоўку без таго затвора.

- Дзядзечка! Табе ж цяжка! На ліха табе гэтая вінтоўка?

Праз скрываўлены рот чуецца хрып:

- Нельга... Вінтоўка - святая рэч... Трэба аддаць яе начальству...

Праз усю ноч у нашай вёсцы людзі не спалі, хіба толькі малыя дзеці. Вёска наша - на ўзгорку, і з гэтага ўзгорка добра відаць, як заходні небасхіл палымнее чырвонай, агнявой дугой. Хто на зямлі, хто на якой бэльцы, так і прадзяжурылі нашы аднавяскоўцы ўсю ноч.

Што будзе? Што можа выратаваць людзей?

Пачало днець. Стала неяк золка. Не нагрэлася паветра і ад першых пазлацістых промняў, якія пайшлі з усходняга неба на нашу засмучаную зямельку. Гэтыя промні асвятлілі і верх невялічкае гары, якая стаяла перад нашай вёскай зусім асобна і якую спрадвеку звалі ўсе Кухтавай гарой. А які такі Кухта даў сваё прозвішча гэтаму кавалку зямлі - ніхто з нашых людзей не чуў і не ведаў.

Але на Кухтавай гары, зусім побач вёскі, людзі пабачылі ў першым сонечным праменні вялікага, магутнага, прыгожага лася. Гэты лось выйшаў з занятай ворагам пушчы, прайшоў колькі міль праз палеткі, пералескі і шукаў сабе паратунку на нашай зямлі. А яго, таго паратунку, і тут не было: адзін наш аднавясковец вомільгам злётаў дадому, прынёс стрэльбу, нацэліўся на таго лася і меўся спусціць куркі, але дзядуля адзін схапіў ягоную стрэльбу за рулю ды вобземлю.

- Ты што, нягоднік, замысліў? Лось ідзе ад ворагаў да сваіх людзей ратавацца. А які ж ты для яго свой? Ты не лепшы ад таго ворага. Ты, можа, раней гэтага лася ў магілу ляжаш. Пайшоў прэч адсюль!

Забраў той стралец сваю стрэльбу і схаваўся за людзей. Тым часам сонца, як сімвал святой надзеі, узнялося вышэй. Яно заліло сваім святлом і нашу вёску і таго прыгожага магутнага лася. Стоячы на Кухтавай гары, ён паварочваў галаву на ўсе чатыры бакі свету. А людзі глядзелі і глядзелі на яго. Урэшце ён павярнуў галаву на Бубнава, памаленьку спусціўся з Кухтавай гары і пайшоў у лес.

Усе з палёгкай уздыхнулі ўслед.

- Не кажы, што звер! Глядзі, які правільны кірунак узяў. Цяпер пойдзе з лесу ў лес, а там - у вялікую пушчу. Ніякі вораг яго не здагоніць...

Найлепшымі пажаданнямі праводзілі мае аднавяскоўцы ляснога земляка ў ягонае выгнанне...


Загрузка...