Два з паловай палі нашай вёскі апаясвала рака. Паплавы на абодвух берагах гэтае ракі належалі нам. За паплавамі на левым баку ракі - панскі лес. Для нашай вёскі была вялікая выгода, а пану гэта дужа не падабалася, бо і сенажаці на левым баку добрыя і праз тыя сенажаці нашым людзям было латвей гаспадарыць у лесе.
Вось аднойчы панскі адміністратар знайшоў нейкія старадаўнія паперы, якімі пачаў даводзіць, што ўвесь поплаў на левым беразе ракі з'яўляецца ўласнасцю князя, а нам належыць багністае балота Залатуха, якое знаходзіцца на адлегласці трох вёрст ад нашай вясковай зямлі, у сярэдзіне панскага лесу.
Пра гэта ўсё абвясцілі нашай грамадзе вясной 1905 года і папярэдзілі, каб мы нават не думалі касіць паплавы.
Нашы вясковыя гаспадары страшэнна абурыліся, сабралі грошай і паслалі сваіх прадстаўнікоў у Вільню да адваката.
Адвакат азнаёміўся ўважна з усёй справай і сказаў ім так:
- Браточкі! Праўда - ваша. Тым не менш, я даю вам раду скарыцца, узяць тую гнілую Залатуху, якую вам даюць, і адступіцца ад паплавоў...
Прадстаўнікі абурыліся:
- Як так? Мы будзем судзіцца! Закон вышэй князя!
- Браточкі, - зноў кажа адвакат, - увесь царскі закон стане за князя. Хто такі ваш князь? У нядаўнім - царскі міністр унутраных спраў. Калі вам прысудзіць адзін суд, нават два, - князь падасць скаргу ў сенат, а там вырашаць справу абавязкова на князеву карысць. У гэтым я перакананы. Што ж будзе ў вас? Прасудзіце грошы і змушаны будзеце ўзяць тое ж самае балота. Што да мяне - дык я ўзяўся б весці вашую справу без ніякай платы, без грошай, каб была хоць маленькая надзея на поспех...
Вярнуўшыся ў вёску, пасланцы так слова ў слова і сказалі. А тым часам надышла пара і сена касіць. Адкляпалі косы ды і выйшлі ўсе нашыя людзі на левы бок ракі. А паны панаймалі ў суседніх вёсках касцоў, далі ім на грыўню больш, чым звычайна, і таксама паслалі на той жа поплаў.
Нашы косяць, а тыя, нанятыя, стаяць і глядзяць. Панскія прыганятыя конна гайсаюць, галасуюць:
- Што вы стаіцё? Жанеце іх адсюль! Мы вас навошта наймалі?
Адзін з нанятых і адказаў:
- Вы нас наймалі свае лугі касіць, а прывялі нас на сялянскія. Дык мы і паможам сваім братам касіць, каб час не марнаваўся...
Пасталі побач з нашымі людзьмі ды, як той казаў, адным махам увесь вялізны поплаў і скасілі. А надвор'е было добрае! Сена сохла хутка. На другі дзень па абедзе і стажкі склалі. На трэці дзень пазапрагалі коні і выехалі вазіць сена ў свае пуні.
Калі глянулі, аж цэлы эскадрон царскіх карнікаў прыкаціў. Акружылі нашых вяскоўцаў, сагналі іх у адзін круг ды бізунамі, ды бізунамі. А ў бізуны дрот паўвіваны, а на канцах - свінец зашыты. Так секлі, так лупцавалі, што крывавыя пырскі ляцелі. Енк, гвалт такі ўзняўся, што не тое каб левы бок ракі, але і правы гатовы былі аддаць князю.
Нацешыўшыся да сыці, далі загад класці сена на вазы і везці яго ў панскія пуні.
Да самага цямна вазілі. Усё сена адвезлі. Панскі адміністратар аб'ехаў увесь поплаў, прымусіў падгрэбсці, дзе былі пазаставаліся маленькія кідкі якія. Тады толькі адпусцілі нашых вяскоўцаў дадому. Так і выйшла, што дарма скасілі, дарма пасушылі і таксама дарма адвезлі пану ў пуню...
Эскадрон карнікаў паехаў з вясёлай песняй у маёнтак. Там такім «ваякам» выкацілі бочкі гарэлкі, - бровар у князя свой! - а на закуску і кілбасы, і вяндліна... Адным словам, баль такі закацілі, што некаторыя ўпіліся страшэнна. Песні, гойканне да паўночы былі чутны.
І вось апаўночы ўзняўся ў маёнтку пажар. Вялізны пажар. Занялося адразу ў дваццаці месцах. Гарэлі аборы, стайні, вазоўні, гумны, свірны, пуні. За вярсту ветрам адносіла дошкі з агнём.
Ад вялікага маёнтка, можна сказаць - гарадка, застаўся быў адзін палац ды некалькі камяніц. А ўсе драўляныя будынкі пагарэлі. Паабпякаліся многія карнікі, у некаторых пагарэла вопратка. Ад'язджалі яны з маёнтка накшталт напалеонаўскага войска з Масквы: хто ў цывільнай вопратцы, хто з падвязанымі сківіцамі...
Пасля наехалі жандары, следчыя, рабілі допыты, шукалі падпальшчыкаў. Але людзі ў адзін голас адказвалі: карнікі напіліся, параскладвалі ўсюды агні, пяклі на ражэньчыках сала, самі яны і падпалілі... Так скончыўся баль. Прыйшлося ўсе будынкі будаваць нанова. А нам, сялянам, дасталася ўсё ж Залатуха замест нашых векавечных паплавоў...