Пражыўшы сто тры гады на свеце, прадзед мой Якуб раптоўна аслеп. Дактароў у нас тады не было, даць добрага зелля або зрабіць аперацыю - не было каму. Паклікалі з суседняй вёскі нейкую бабульку-знахарку. Яна паглядзела, памацала ягоныя вейкі сваімі заскарузлымі ад працы старымі пальцамі і запыталася:
- Дык ты нічога не бачыш, Якубе?
- Нічога.
- І мяне не бачыш?
- І цябе не бачу.
- І сонейка яснага не бачыш?
- Адчуваю, як яно свеціць, як грэе, а бачыць- нічагутанькі не бачу...
- Ты ж не стукнуў нічым у вочы, яны ў цябе не выбалелі, ніякай хваробы звонку на іх няма. Значыцца, у іх набралася цёмная вада. Квіта. Ніякай зёлкай, ніякай замовай памагчы нельга.
- Дзякую і на тым, на тваёй спагадзе і добрым слове.
Пасля таго прадзед папрасіў свайго сына Тодара, каб ён прапаліў лазню. Хоць яе палілі два дні таму назад, але сын, ні слова не сказаўшы бацьку, зрабіў усё паводле ягонага загаду. Папрасіў прадзед сына:
- Звадзі ты мяне, сыночак мой адзіны, у лазню і памый ты мяне ў апошні раз...
Сын ледзь не самлеў.
- Татачка родны, што ты такое кажаш? Аж слухаць страшна...
- А ты не страшся, сынок. Я памру праз малы час. Жыць дармажэрцам я не буду, а працаваць больш - не магу...
Сын зноў яму:
- Тата, мілы! Зямлі ў нас валока. Я ў цябе адзін. Усё, што ў нас ёсць - запрацавана тваімі рукамі, усё - тваё. Нават каб ты яшчэ такое жыццё пражыў не працуючы, табе ўсяго хопіць. Апрача таго, ты ж можаш, - калі табе схочацца, выйсці памаленьку з хаты і кійком па плоце пастукаць, курэй папужаць, дык і то будзе работа не малая. Ды ці мала чаго ты здолееш рабіць. А самае галоўнае - што ты будзеш мне добрыя парады даваць, а гэта - даражэй усякай работы...
Заладзіў прадзед адно:
- Гэта ўсё не тое, гэта ўсё не для мяне, не хачу дармажэрцам на свеце жыць...
Памыўся ў лазні, апрануў чыстую кужэльную кашулю, нагавіцы, лёг на свой ложак і не стаў ні піць, ні есці. Як яго прасілі, як яго малілі - кленчылі перад ім, не ўзяў ні кроплі вады, ні крошачкі хлеба. На шостыя суткі стары Якуб аддаў богу сваю душу. Але, як растлумачыў манькаўскі поп: «Бог душу старога Якуба не прыняў ні ў рай, ні ў пекла не накіраваў, бо, паводле царкоўнага закону, ён - самагубца». А з гэтае прычыны поп не дазволіў хаваць нашага прадзеда на манькаўскіх могілках, пры царкве. Быў ён пахаваны ў канцы вёскі Агароднікі, пры выездзе з вёскі завулкам на так званае Пралле, куды бабы насілі і вазілі праць бялізну. Над ягонай магілкай стаяў высокі дубовы крыж. На тым месцы былі калісьці Агародніцкія старыя могілкі. Людзі казалі, што стары Якуб не мае сабе прытулку на тым свеце і ходзіць па зямлі, але, зразумела, нікому ніякай крыўды не робіць па смерці, як не рабіў яе нікому і пры жыцці. Казалі яшчэ мне, што быў ён дужа мудры, ведаў назву кожнай зоркі на небе і мог вызначаць час, у які трэба сеяць тое ці іншае збожжа...