Крамольная газета

У апошняга расейскага цара Мікалая II спыталіся неяк аднойчы, як ён ставіцца да розных нацыянальнасцяў.

Цар адказаў так:

- Падазрона да палякаў, грэбліва да беларусаў і з поўнай пагардаю да жыдоў.

Такая ж была і царская «нацыянальная палітыка». Пагарджаным двойчы і тройчы беларусам не дазвалялі друкаваць кнігі і газеты на беларускай мове, не адчынялі для беларускага народа школ, у якіх дзеці маглі б вучыцца на сваёй роднай мове і, ужо канчаткова, ні ў якім разе не дазвалялі чытаць на беларускай мове лекцыі ў вышэйшай школе. Тыя цары згінулі, а мы, дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі, маем цяпер усё: і кнігі, і газеты, і школы, а беларуская мова прызнана роўнай з іншымі мовамі свету.

Дык цяпер апавяданне пра тое, як было цяжка знайсці або выпісаць беларускую газету за старым часам, - такое апавяданне можа здацца нейкай даўно забытай казкай.

Перш за ўсё беларускую газету было забаронена выпісваць усім людзям, якія знаходзіліся на дзяржаўнай службе. Выпісаная і аплочаная газета даходзіла да падпісчыкаў нерэгулярна, паасобныя нумары гублялі на пошце.

Хоць першая наша беларуская газета друкавалася ў маім губернскім горадзе, у Вільні, але я пра яе існаванне даведаўся праз Пецярбург. Прыязджаючы ў госці, нашы землякі прывозілі і давалі чытаць нам паасобныя нумары гэтае газеты.

Газета ўсхвалявала мяне і расчуліла немаведама як. Толькі падумаць! На той мове, на якой размаўлялі дзяды, бабулі, бацькі, усе суседзі, надрукаваны артыкулы, апавяданні, вершы. Як чароўную музыку ўспрымаў я гукі роднай мовы, як вялікае свята быў для мяне той дзень, калі я ўпершыню пачытаў беларускую газету.

Папрасіўшы ў таты грошы, я падпісаўся адразу на тры месяцы. Газета пачала прыходзіць у Мядзела акуратна. Тады начальнікам пошты працаваў стары бальшавік Грыдзюшка, які пасля рэвалюцыі быў народным камісарам пошты і тэлеграфа ў Беларускай ССР. У яго ж, дарэчы, навучаўся тэлеграфнай справе і мой старэйшы брат. На гэтай пошце газета не прападала. Але небяспека з'явілася з другога боку. Да майго бацькі прыйшоў аднойчы ўраднік.

- На твой адрас прыходзіць крамольная газета. Трэба такую справу спыніць.

Бацька адразу нават не зразумеў, пра што ідзе гаворка.

- Якая крамольная?!

- Ды «Наша Ніва» з Вільні.

- Якая ж яна крамольная, калі яе пошта возіць?

- Я табе даю добрую параду: спыні гэтую справу...

Але мы знайшлі спосаб даставаць рэгулярна газету. Наш сусед Бэрка ездзіў у Вільню па тавары для мядзельскіх крамаў. Вось ён і прывозіў нам газету, і мы чыталі яе да самае вайны...


Загрузка...