Прыехаў я неяк на сваім Ветрыку ў тайгу. Узняліся на сопку. Усе бярвенні ляжалі зручна, ні варочаць, іні падцягваць не трэба. Я падвярнуў іх на пакатках - яны і леглі на калодку саней. Пачаў я іх увязваць ланцугом. Гэта была вельмі адказная частка работы: трэба так сплытніць воз, так моцна звязаць яго, каб ён не рассыпаўся на самых крутых паваротах, на самых нечаканых перашкодах, нават перакуліўшыся на якой валежыне. Стаўшы на калена, я рукой даставаў канец ланцужка, аж чую, мой конь, Ветрык, нешта пахропвае, нібыта што незвычайнае пабачыў і хоча звярнуць на гэта незвычайнае маю ўвагу. Падымаю галаву з-за бярвення, гляджу: праўда, нязвыклае відовішча! На фоне абсыпаных снегам цёмна-зялёных дрэваў стаіць на пні вялізным кабарга, злёгку як бы прытанцоўвае на гэтым пні, як бы нас на гульню якую ці на танец запрашае. Ніколі я жывое кабаргі так блізка не бачыў. Затое тады ўдосталь налюбаваўся на яе, разгледзеў усё ўбранне, вочы, беленькі гальштук на шыі, больш дакладна кажучы - на падгруддзі. Я пачаў з ёй размаўляць:
- Ах ты, мая прыгожая, ах ты, мая харошая, ідзі бліжэй, - ды з працягненай рукой стаў да яе падыходзіць. Яна - гоц! І знікла. Ну, зразумела, нам з Ветрыкам няма часу бавіцца. Я зноў пад воз, зноў за ланцуг, замацаваў як мае быць. Устаю на ногі - стаіць зноў красуня! Ды сонца пасвяціла ў наш куток, яе цёмна-карычневая поўсць зазіхацела, як нейкае старадаўняе золата... Так мы і пакінулі яе на пяньку. Памахаў я ёй рукой.
- Бывай, бывай, таежная красуня! Каб лёс сцярог цябе ад злых людзей!
Нідзе не бачыў я такую ненапалоханую кабаргу.