Як старадаўнія рымскія пісьменнікі гасцявалі ў нашых Агародніках

Старадаўнія рымскія пісьменнікі Гарацый, Вергілій, Авідзій і Апулей прыехалі аднойчы ў нашы Агароднікі, асяліліся ў хаце майго прадзеда і жылі там аж да першай імперыялістычнай вайны. У часе вайны яны пакінулі нашу сядзібу і больш у ёй не бывалі. А як гэта ўсё адбылося, мы зараз даведаемся дакладна.

Пачалося ўсё даўно, у першай палове дзевятнаццатага стагоддзя. Гэта значыць, больш чым за сто гадоў да нашага часу.

Аднойчы жнівеньскім адвячоркам мой прадзед Якуб, тады яшчэ зусім не стары чалавек, сядзеў на лавачцы перад сваёй хатаю. Была субота. Усе тэрміновыя работы зроблены. Прадзед чакаў, калі ягоны сын Тодар прапаліць лазню. Жанчыны падрыхтавалі бялізну і ўсё, што патрабуецца для гэтага абраду. Раптам на вуліцы з'явіўся незнаёмы чалавек. Не падобны ён быў да селяніна, не падобны і да якога местачкоўца - ні з постаці, ні з вопраткі. Прыгледзеўшыся добра, - падарожны падышоў бліжэй, - Якуб прызнаў яго: гэта быў вяльможны пан Юстын Палівода, адзін з самых багатых абшарнікаў нашае акругі. Ён ніколі, хіба ў дзяцінстве, не ездзіў на парцы коней. Самае меншае - чацвярык стаеннікаў запрагалі ў ягоную карэту. Фарэйтары, гайдукі... Адным словам, урачыстая працэсія, вясельны поезд нейкі, а не тое, каб выезд які. Зусім зразумела, што ніколі такі поезд не наведваўся на вясковыя дарогі. Толькі трактам або бойным гасцінцам праносіўся гэты пан са сваімі паязджанамі.

А цяпер - абшморганы, збянтэжаны, ідзе ён пехатой праз такую несамавітую вёсачку, як Агароднікі. Якуб здзівіўся. Ды як жа загаварыць з ім? Панам назваць - можа, ён цяпер і не пан, суседам - каб не прыняў за кпіну якую. Урэшце дадумаўся Якуб.

- Чалавеча добры! Адпачні крыху, пасядзі.

- Дзякую. Трэба ісці.

- Вечарэе. Куды так далёка ісці трэба?

Пан Палівода падышоў з ніякаватым выглядам, сеў побач Якуба.

Пасядзелі. Пагаварылі пра надвор'е, дажджы, пра збожжа. А тут і сын Тодар прыйшоў клікаць бацьку ў лазню. Павітаўся з падарожным. Здзівіўся, бо таксама нібыта пазнаў яго. Запрасілі ў лазню і падарожнага.

- Як я пайду! У мяне і пераменкі няма.

- От вялікі клопат! Зараз нашы кабеты падрыхтуюць. Ідзі, Тодар, скажы ім! - звярнуўся да сына Якуб.

Сабраліся. Пайшлі. Памыліся. Было ўсё - і пара і бярозавыя венікі. Сам Якуб вязаў для сябе ядлаўцовыя венікі. «Лепш пара да цела прыстае, ні адзін драбочак не прападае». А распараныя ў кіпетні, - яны зусім не колкія...

Па ўсім мыцці - свежая бялізна, ільняная, адмытая лугам, выбітая пранікам у пральні, выкачаная бярозавай качалкай ды перасушаная з сухім чаборам. Ад яго, як ад найлепшых духоў, водар прыемны ледзь не тыдзень трымаецца.

Прыйшоўшы ў хату, павячэралі, як мае быць. Падарожнаму паслалі на лаве, на покуце.

На другі дзень госць, устаўшы і памыўшыся, пачаў адразу збірацца ісці.

Гаспадар яму кажа:

- Хіба так можна? Сёння нядзеля. Жанкі бліны ўчынялі. Паснедаем, а там пабачым.

Паснедалі.

- Цяпер трэба крыху адпачыць. Ды і абед неўзабаве будзе. А там - вячэра, а там трэба спаць класціся...

Так жыў пан Юстын у сялянскай хаце дзень, два, тры.

На чацвёртым дні ён зусім занепакоіўся.

- Я буду ваш хлеб дарма есці? Каб я хоць што-небудзь умеў рабіць па гаспадарцы... Нічога не ўмею! Вось жа ў гэтым увесь мой смутак.

Якуб кажа:

- А божухна мілы! Хату папільнуеш, пакуль мы ў полі будзем - вось і работа твая. А калі адвячоркам пагаворым пра тое-сёе, дык і зусім добра, нам весялей...

Нібыта супакоіўся пан Юстын. Прайшлі аж тры тыдні. На чацвёртым зноў узняўся:

- Пайду ды пайду!

А за гэты час Якуб бадай дакладна даведаўся пра лёс пана Юстына. У кожным разе, гаспадар добра ведаў, што ісці таму няма куды. Вось жа ён і ўгаворваў госця пажыць яшчэ колькі часу.

І тут госць не вытрымаў. Ён успёрся на край стала ды... заплакаў. Заплакаў самым сапраўдным чынам. Слёзы, як той казаў, што тыя журавіны, каціліся па ягоным абліччы.

Якуб занепакоіўся.

- Можа, хто цябе ў нас абразіў? Можа, хто чым скрыўдзіў?

- Ды не, - кажа пан Юстын. - У мяне іншыя абразы, іншыя крыўды... Вы ж, пэўна, ведаеце, быў я вялікі магнат, меў я незлічонае багацце. Не адзін маёнтак меў я, не адзін палац. І былі ў мяне накрыты сталы для гасцей, што ўдзень, што ўночы. Хто толькі з паноў меў жаданне - мог прыехаць да мяне, дняваць і начаваць, піць ды есці, што ягоная душа прымае... А яшчэ - у карты гуляць. Калі я прайграваў - сыпаў адразу золата. Калі мне прайгравалі - я не спаганяў доўгу. І так мае госці дарагія дапамаглі мне прапіць, праесці ды ў карты прагуляць палову ўсяго майго багацця. Тады мая жонка падала скаргу ў шляхецкі суд. Гэты суд прысудзіў - тую палову багацця, якая засталася, аддаць жонцы і на дзяцей, а мяне пазбавіць жаднага права на маёмасць. Я пакрыўдзіўся і сышоў ад сваёй сям'і, бо якое б жыццё мне было цяпер пры ёй - нібы нейкаму кутніку! Але - дарма! - падумаў я. - У мяне ж было столькі надзейных сяброў, я ж іх паіў, карміў, я ім з поўнай жмені золата сыпаў. Яны цяпер мяне да самай смерці пратрымаюць, як свайго найлепшага дабрадзея. Цяпер ужо не чацверыком, а пехатою прыйшоў я да першага дружбака. Толькі ўзышоў на ганак, а ён лёкаю загадвае:

- Адвядзі гэтага чалавека на кухню і скажы, каб там яго пакармілі...

Угневаўся я, пайшоў да другога дружбака. А той загадаў псоў з ланцугоў адвязаць ды выцкаваць мяне з панадворка...

Заходзіў я яшчэ да двух - і там не лепш. І пайшоў я, куды мае вочы глядзяць, на зламанне шыі... І тут сустрэўся з табой, селянінам... Вы мяне прынялі як роднага, а я вас, сялян, за ўсё сваё жыццё за людзей ніколі не лічыў, я ж для вас на сіні пазногаць нічога добрага не зрабіў. Я нават слова добрага вам, сялянам, ніколі не сказаў... Дык колькі слёз трэба мне выліць, каб змыць тую ўсю ганьбу маю...

Паслухаўшы ўважна гэтую споведзь пана Юстына, Якуб сказаў яму:

- Дык чаго ж табе, чалавеча, так непакоіцца і гараваць? Калі цябе зраклася сям'я і твае дружбакі, жыві ў нас. У нас, як сам бачыш, багацця вялікага няма, абыходзімся і без прысмакаў, але, тым часам, здаравейшы будзеш.

- Я гарую па тым, што не магу аддзякаваць вам. Хіба што адным: я дужа добра ведаю лацінскую мову. Я навучу твайго сына Тодара гэтай мове.

- Вучы! Што чалавек ні навучыцца - за плячыма не трэба насіць, а карысць нейкая будзе...

І вось папрасіў пан Юстын са свайго колішняга маёнтка кнігі. Аддалі. Пачаў Якубаў сын Тодар, у далейшым - мой дзед, вывучаць у вольныя хвіліны латынь. Вывучыў яе так, што ў арыгінале зусім свабодна чытаў творы Авідзія, Гарацыя, Вергілія, Апулея. Вось тады і пасяліліся гэтыя выдатныя рымскія пісьменнікі ў нашых Агародніках.

Сваім аднавяскоўцам час ад часу мой дзед Тодар ператлумачваў цэлыя раздзелы з прачытаных твораў. Асабліва падабаліся нашым землякам Вергіліевы «Георгікі». Пакуль быў жывы пан Юстын, ён удзельнічаў у тых чытаннях, а калі памёр - пахавалі яго на каталіцкіх могілках. На крыж, апрача Езуса, прыбілі дзве дошчачкі, маляваныя пад выгляд кніг. На адной напісалі «Vergilius», а на другой «Ovidius». Так са сваімі самымі надзейнымі дружбакамі пайшоў стары Палівода ў апошняе падарожжа...


Загрузка...