Як мая маці мелася канчаць вайну

У нашу вёску прыехаў першы конны нямецкі дазор. Праехалі моўчкі, з доўгімі пікамі, у касках са штычкамі ды яшчэ з накладачкамі на канцах штычкоў праз усю нашу вёску. Не кажучы нашым людзям ні «дзень добры», ні «бывайце здаровы», яны спыніліся ля канцавой хаты. Пазлазілі з коней. Нерассядланых папрывязвалі да плота. Чатыры коннікі зайшлі ў хату і пачалі палуднаваць. Пяты, старэйшага веку, узлез на саламяную страху хаты, лёг на яе і пачаў праз бінокль азіраць вялікае паўкружжа: ад манькаўскай дарогі аж да калееўскага поля. Нашы людзі паглядзелі, паглядзелі на іх з-за вуглоў ды і паразыходзіліся ў розныя бакі: то ж восень, трэба канчаць прыбіраць усё з поля.

Ідучы вуліцай, затрымаўся міжвольна ля канцавой хаты і я. Мяне цікавілі і нямецкія коні, і нямецкія пікі і, зразумела, самі немцы.

Нямецкі салдат, які ляжаў на страсе, крыкнуў мне:

- Хадзі сюды!

Нямецкую мову я крыху вывучаў і прымітыўныя сказы і звароты ведаў. Я ўсё ж запытаўся:

- А што вам трэба?

- Хадзі сюды, не бойся, - паўтарыў ён.

Палез я на страху.

- Кладзіся побач! - скамандаваў ён мне і, не здымаючы са сваёй шыі раменьчыка, падсунуў мне бінокль.

Бінокль быў цудоўны. Трэба думаць, што яны прадавалі для расейскай арміі не такія біноклі, бо праз тыя я глядзеў раней і таго не бачыў. Праз гэты бінокль я пабачыў, здаецца, кожную лісцінку на ўзлессі... «О-ё-ёй! - падумалася мне, - маючы такі бінокль, можна са сваёй печы бачыць, колькі ў лесе за ноч грыбоў нарасло...»

Тым часам немец адкруціў вечка сваёй паходнай пляшкі і пачаў наліваць у яго нейкі руды, цёмны напітак. А я ж чытаў у прыгодніцкіх раманах, што ўсе піраты, заваёўнікі насілі пры сабе пякельны ром, які абпальваў вантробы ў тых лайдакоў, калі яны пілі яго. Мне і падумалася, што ён хоча пачаставаць мяне тым пірацкім ромам.

Я адразу на ягонае запрашэнне выпіць адказаў:

- Дзякую! Я не хачу піць.

- Пі! Гэта - кава, добрая кава.

- Мы не спажываем каву, - пачаў я адмаўляцца зноў.

- Ну, я ж частую цябе, пі!

Тады мне прыйшлося ўзяць, выпіць і падзякаваць яму, хоць сапраўды ў нашай сям'і каву не пілі, уважаючы больш гарбату з чабору, ліповага цвету або яшчэ якіх іншых зёлак. Гутарка ў нас дужа не разгортвалася, бо ў мяне быў абмежаваны запас слоў, а яшчэ ж - я насцярожана трымаўся, не забываючыся, што побач са мною ляжыць прадстаўнік варожай арміі. Тут жа ён дастаў з кішэні свайго мундзіра кніжачку, а з яе - некалькі фота.

- Гэта я, - паказвае ён на цывільнага селяніна, гэта - мая жонка, гэта - мае сыны, гэта - дачушка... - І ў гэты момант у яго пакаціліся слёзы... - Я тут ляжу на гнілой саломе, а сям'я там. Што яны без мяне зробяць? Багатаму, пану, дадуць палонных, батракоў. У іх будзе ўсё спарадкавана. А хто спарадкуе, хто пазвозіць снапы маёй сям'і, з майго поля?.. - І ўздыхнуў цяжка-цяжка.

А быў у нашай вёсцы адзін селянін, па прозвішчу Казачок. Ягоная сядзіба стаяла насупраць нашай, толькі пасля пажару ён пабудаваў новую хату метраў за паўсотні ад вуліцы, заняўшы былое падхацішча агародам.

І вось калі я ляжаў на страсе побач таго дазорцы, прыйшоў нейкі сусед і пачаў з вуліцы клікаць Казачка, а той не чуе. Гойкаў, гойкаў сусед - «Казачок, Казачок», а пасля ўзяў ды з усёй сілы:

- Ка-а-а-зак, ты што, аглух? Хадзі сюды!

Пачуўшы слова «казак», немец кулём скаціўся са страхі, прачыніў дзверы ў хату, крыкнуў «казакен», а сам за піку, на каня ды ходу. Сябры ягоныя следам за ім. Між іншым, іхні нямецкі бог ім-такі дапамог: праз якую гадзіну ў нашы Агароднікі прыджгаў эскадрон данскіх казакоў. Яны займалі нашу вёску веерам, ад поля - усю адразу, пералятаючы праз платы, як птушкі якія. Так што той дазорца нямецкі, напэўна, не даехаў бы да сваіх дзетак, да свайго ўласнага поля...

Калі я ўвечары, пры вячэры, расказаў сваім пра гутарку з немцам, мая маці сказала:

- А ты думаеш, што іхнія салдаты не такія людзі, як нашыя? Яны ж і працуюць, і гаспадаркай займаюцца. А тыя правіцелі не падзеляць якое ліха, ды ваяваць. Латва ім ваяваць, чужыя галовы падстаўляць. А трэба так: пасварыліся цары-каралі? Калі ласка! Выходзьце на нашы Стажкі, станьце адзін супраць аднаго ды і ваюйце, колькі вам згодна. Запэўняю, што пасля першай бойкі яны страцілі б апетыт да вайны...

На жаль, мая нябожчыца маці не мела ўлады, каб ажыццявіць свой разумны план. Я таксама думаю, што пасля першай бойкі тыя правіцелі заключылі б вечны мір...


Загрузка...