Гартаванне цярплівасці

Наогул я чалавек цярплівы. Цярплівасць у мяне не з'явілася адразу, як нейкі матчын дар, пры нараджэнні. Яна прыходзіла паступова, у працэсе розных маленькіх і вялікіх работ, якія даводзілася выконваць у сваім жыцці. Я ніколі не стаўляў перад сабою такую мэту: будзь цярплівы. Цярплівасць - гэта не адназначна з пакорнасцю або пакорлівасцю. Цярплівасць - гэта маці вынаходлівасці, маці творчасці. Няпраўда, што выдатныя творы з'яўляюцца ў адзін міг. Яны выказацца могуць у адзін міг, але яны раслі, спелі ў сэрцы мастака, можа, не год, а дзесяцігоддзі. Дам уласны прыклад. Пяць радкоў прачытаў я ў свае маладыя гады ў адным са зборнікаў Чачота пра тое, як сялянскі сын у Беларусі знайшоў выпадкова кветку папараці і як паны адабралі ад яго тую кветку, бо ён не ведаў, што з'яўляецца гаспадаром такога цудоўнага скарбу, а яны якраз і ўразумелі тое. Толькі пад канец шасцідзесятых гадоў я напісаў сваю «кветку шчасця» на тыя пяць радкоў. Я напісаў гэтую казку за якую гадзіну часу. А выношваў яе сорак з лішнім гадоў, неаднойчы згадваючы пра яе, вяртаючыся да яе, але пакідаючы яе зноў нерухомай на доўгія гады. Рамэн Ралан, між іншым, казаў: «Цярпі, пакуль ты кавадла, бі, калі станеш молатам». Гэтыя словы не трэба, хоць і можна, разумець просталінейна. У іх закладзены дужа шырокі і глыбокі сэнс. Добра ён падмацоўвае і сказанае мною.

Але вернемся да цярплівасці і да таго, як яна з'явілася ў мяне, як яна стала адным з маіх рухавікоў, застаючыся, - які парадокс! - сама нерухомая.

Жыў я са сваёй маленькай сям'ёй у горадзе Яранску. Працавалі мы ў розных установах: жонка ў школе, я ў спажывецкай кааперацыі, фактычна - сакратаром-юрысконсультам, - вёў усе прэтэнзійна-арбітражныя справы. Арандавалі мы ў былой купчыхі гэтага горада паўдома: два пакойчыкі, кухню. Дамовіліся пры пачатку, што вясною гаспадыня нам дасць кавалачак агарода на сваёй сядзібе, каб нашаму маленькаму сыну было дзе і папрацаваць крыху разам са мной і паласавацца якой гароднінай, не заглядваючы ў чужыя гароды.

Прыходзіць вясна, канец сакавіка месяца. Сустракаю гаспадыню і прашу, каб яна паказала мне і назначыла кавалачак дакляраванага гарода.

- Навошта вам агарод? Вы абое працуеце. Што будзе вам трэба з гародніны - вы зможаце купіць у мяне...

- Дазвольце... Прычым тут «купіць» ці «прадаць»? Справа не ў тым. Я ж вам казаў, якое значэнне мае гэта для выхавання майго сына. Я дамовіўся, вы згадзіліся. Якая можа быць цяпер размова?

- Я параюся са сваім гаспадаром...

�ераз пару дзён я нагадваю ёй зноў пра нашую размову і прашу паказаць мне месца на яе вялізнай сядзібе, - больш паловы гектара.

- Добра, - кажа, - пойдзем, пакажу...

Ступаем на гарод, і яна паказвае мне дзялянку, на якой яны самі ніколі нічога не садзілі, бо на гэтым месцы стаяў вялізны-вялізны свіран, у ім яны складвалі лён і каноплі, чым гандлявалі. Зусім нядаўна гаспадары гэты свіран разабралі, прадалі, а месца з-пад яго і вызвалілася. Бачу бітае шкло, іржавае жалеззе, розны друз.

- Дык гэта ж не гарод, а па-расейску кажучы - «пустырь», ды яшчэ закіданы хламам...

- Як хочаце! Крыўдуйце на мяне, але іншага нічога вам прапанаваць не магу...

Жонка мая, калі я ёй расказаў, рукамі замахала:

- Не трэба! Навошта такі гарод? Мне, - кажа, - дадуць разам з настаўніцкім калектывам...

Гэта добра, а вось пры доме...

І пачаў я выходзіць а пятай гадзіне раніцы штодня на гэты гарод. Пачаў збіраць усё смецце і выносіць яго, складваць штабяльком каля плота. Цэлую сцяну, як мур-мураваны, склаў ды яшчэ рознакаляровымі бітымі шкелкамі ператкаў. Калі сонейка пасвеціць добра, дык гэты мур зіхаціць, нібыта адмыслова, для хараства складзены. А гаспадыня тая і не бачыць, што на яе дарунку робіцца. Калі я ўсё гэта падчысціў, тады рыдлёўкай перакапаў адзін раз, - гарод тым часам падсыхаць стаў. Пачакаўшы, перакапаў другі раз. Пайшлі мы з жонкай, з сынам, разбілі лехі і, што можна паводле часу, - усё пасадзілі: буракі, моркву, часнок і падобныя трывалыя расліны.

А гаспадары нашы толькі яшчэ пачыналі думаць наконт свайго гарода. Прыбегла яна неяк у нядзелю да нас, задыхаўшыся:

- А божухна, а міленькі! Гляньце, што дзеецца на вашым гародзе! Ды што ж гэта, ды калі ж гэта...

І пачала літанію чытаць. Я ёй адказаў, што каменне, шкло, наогул смецце ўсялякае ветрам сагнала да плота. Сам сабой гарод ускапаўся і пасадзіўся...

Па немалым часе пасадзілі і гаспадары свой гарод. Але што здарылася далей: я іду паліваю - вады не шкадую, на які квадратны метр - палівачка. Яна палівае, не раўнуючы, як поп крапідлам - бярозавы венік у ваду памочыць і з веніка пырскае.

А лета было гарачае. У нас агуркоў як насыпана, а ў гаспадыні няма. А самае галоўнае - у нас таматы на лясе чырванеюць, а ў яе толькі цвісці пачынаюць. Прыходзіць гаспадыня да нас ды і кажа:

- Даруйце, прыйшла да вас з просьбай. Дазвольце хоць пару гуркоў для халадніка ў вас узяць...

Мы ёй адказваем:

- Бярыце хоць па дзесятку штодня, але скажыце, якія ж вы гуркі меліся нам прадаваць, калі не хацелі нам гарода даваць?

...Дачакалі мы восені. Сабралі добры ўраджай. Насалілі, намарынавалі гародніны на ўсю зіму.

Прыходзіць другая вясна. Цяжка на здаровы розум веры даць, што так можа быць, - вось як гартавалася мая цярплівасць, - прыходзіць у канцы сакавіка наша гаспадыня да нас ды і кажа:

- Хочаце - гневайцеся на нас, хочаце не, але мы з мужам параіліся, падумалі і надумаліся, што гэтай пляцоўкі, якой вы летась карысталіся, мы ніяк не можам вам даць. Калі хочаце - можаце ўзяць іншую, дзе стаяў другі свіран.

Карацей кажучы, прапануе мне зноў такі самы хамут, з такім самым, калі не большым, запасам смецця, бітай цэглы, рознага жалеззя...

Аж зубы сціснуў я, так угневаўся. Але тут жа згадаў адзін сказ са Скарынінавых кніг: «Не бывай скорый к розгневанию, гнев убо в лоне безумного опочивает...»

Жонка мая нічога не кажа, толькі пазірае: хопіць у мяне цярплівасці, ці пазычаць трэба будзе куды ісці.

Падумаў я, падумаў. Пасля кажу:

- Не вельмі добры план вы склалі. Ну, але паколькі вам, як вы кажаце, араць замінае наша дзялянка, мы з жонкаю згаджаемся ўзяць новую пляцоўку...

Пачаў я спяваць зноў тую ж самую песню, што і летась. Устаю штодня а пятай гадзіне. Працую да снедання. Выбіраю, выношу, складваю друз пад другую сценку плота. Наклаў новы мур, роўны з плотам, толькі шкелкамі пераклаў іншых колераў: галоўным чынам, ад бітых рознакаляровых бутэлек. Зноў зіхаціць наша дзялянка, як для нейкага свята аздобленая адмыслова.

Забягаючы наперад, павінен сказаць, што свята мы і спраўлялі ўвосень, свята ўраджаю - выдатнага, прыгожага, плённага.

Прыходзілі нават да нас аграномы пытацца:

- Што вы робіце, чаму ў вас таматы на лясе чырванеюць?

Тады для Вятчыны гэта было дзіва. Цяпер, праз сорак гадоў, - там гэта звычайная рэч. Але скажам пра вясну. Мы ўсё пасадзілі ў добрым часе, усё ў нас расце, з лех вывальваецца, а ў гаспадыні, на адабраным у нас кавалку - поўная пустка. Да таго пустка, што нават маленькі дзіцёнак, наш сын, заўважыў:

- Мабыць, яны, тата, не ўмеюць працаваць. Гэта ж у нас было поўна гуркоў, а ў іх няма ніводнага...

Можа, падумаецца каму, што я казкі расказваю, байкі баю, але прыходзіць зноў да нас гаспадыня і пачынае пакаянную прамову:

- Даруйце мне, грэх папутаў, сквапнасць прымусіла ўзяць адабраць ад вас леташні гарод... Бог мяне пакараў. Нічога ў мяне не вырасла... Дазвольце хоць пару гурочкаў у халаднік узяць у вас...

- Ды бярыце хоць дзесятак, на добрае здароўе ешце, хопіць нам, - адказвае мая жонка...

Гэта ж не канец. Увосень, не чакаючы вясны, зноў ідзе да нас гаспадыня і пачынае сваю размову...

- Раіліся мы з мужам, думалі і надумалі...

Але ў мяне цярплівасці тут не хапіла, і я адказаў, не даслухаўшы яе да канца:

- Не выказвайце сваіх думак, каб пасля вам не прыйшлося зноў прасіць прабачэння. Мы ў вас ніякім гародам карыстацца не будзем, бо паедзем на іншую кватэру.

Так і пераехалі...


Загрузка...