1
Ён, мой сусед, - каваль. Добры каваль. Асабліва выдатна ён каваў коні. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў яго станавіліся рахманыя, супакойныя, пакорлівыя.
Паставіў ён сваю ўласную хату, раскарчаваўшы ўсёй сям'ёй вялізны кавалак тайгі. Але калі ён снедаў або вячэраў, уся сям'я павінна была толькі глядзець. Ніхто за стол тады не садзіўся. Самыя лепшыя стравы былі яму, кавалю. Абедаў ён у сталовай, дадому не хадзіў. Калі падрос большы сын, стаў каржакаваты, дужы хлопец, вучыўся ў восьмым класе, то пачаў памагаць бацьку, быў у яго за малатабойца. Хадзілі абедаць разам у сталоўку. Бацька сядзеў ля стала, абедаў, сын - ля сцяны на табурэтцы. Бывала, чаго-небудзь бацька не з'ядаў, адсоўваў на край і коратка даваў загад:
- Даеш!
Сын развінаў пакуначак, які яму давала ў кузню маці, і засёрбваў яго бацькавым недаедкам. Бацька ж каваль, а сын - малатабоец...
Мы пацікавіліся, як склалася іхняе жыццё далей. Сын пасля арміі дадому не паехаў.
2
У цяжкія для нашай Айчыны гады, асабліва ў часе паміж 1918-1922 гадамі, было нялёгка большасці нашага народа. Пайкі хлебныя малыя, купіць на рынку бадай што не было чаго, а галоўнае - не на што. Але ўсё ж здаралася, што на які лахман наш бацька нешта выменьваў, прыносіў дадому кавалак хлеба звыш пайковага. Садзіўся ён ля стала, браў у рукі ножык і рэзаў скудны прыдабытак на ўсіх малых, не рэзаў толькі на сябе. Малыя гэта заўважалі і, прымаючы ад яго такі каштоўны дар, як лустачка хлеба, пыталіся:
- Чаму ж ты, тата, не адрэзаў для сябе?
- А вы не ведаеце? Я сваю долю адразу з'еў, калі здабыў, бо, не еўшы, хіба ж я меў бы сілы прынесці вам гэта ўсё дадому?