Сапсаваны падарунак

Мы ўсёй сям'ёй паехалі капаць бульбу на самае далёкае поле.

Верасень быў няроўны: то прыпячэ сонца, то падзьме сібернік, як у нас звалі паўночна-ўсходні вецер.

Бацька разворваў плужком барозны. Маці і ўсе больш-менш дарослыя дзеці бралі бульбу ў кошыкі, паспявалі акуратна прайсці баразну, пакуль бацька толькі пачынаў другую.

Спрабаваў памагаць і я, але ніякай карысці ад гэтай дапамогі не было. Каб не крыўдзіць малога, маці прапанавала:

- Ты, Уладзік, пахадзі па ўзлессі. Можа, ягадка якая засталася, можа, што-небудзь цікавае пабачыш. Нам тады і раскажаш...

А было мне, «расказчыку», пяць гадоў. Ды на гэты самы дзень прыпала на маю долю свята. Жыў у нас тыдні са два кравец. Каму шыў новае, каму латаў ці перашываў старое. А для мяне, сабраўшы неяк розныя кліны і абрэзкі саматканага шарачка, ён пашыў новае пальцечка. Ды якое! У ім былі дзве кішэні, яно было зроблена адмыслова на мяне і для мяне! Да гэтага часу я ўсё даношваў братнія каптанікі ды розныя марынарачкі, куртачкі. Ад радасці я, як той казаў, не тоўпіўся ў сваім новым пальцечку. Мне здавалася, што нават сарокі, якія стракаталі на дрэвах, адна адной крычалі: «Гляньце, гляньце, што за ён!» Пад гэты строкат, як пад гукі ўрачыстага маршу, я пашпацыраваў па ўзлессі. Цікавага было там багата. Адных чырвоных ды пазлацістых лістоў колькі! Але раптам - грыб, казляк. За ім - другі, там-трэці. Спачатку я наважыўся ўзяць іх і адразу аддаць матцы. Пасля затрымаўся. «Не! Я іх пакладу ў кішэні, нікому нічога не скажу, а калі прыедзем дадому-дастану: во што я знайшоў! На цэлую вячэру».

Так і зрабіў. Напакаваў кішэні казлякамі. А кішэні, праўду кажучы, былі ёмістыя: кравец кужалю не пашкадаваў. Гэта ж не шарачок выцалёўваць!

Тым часам нашы выбралі бульбу. Частку ўсыпалі ў загадзя падрыхтаваныя ямы, а рэшту - пассыпалі ў мяшкі і склалі іх на воз. Усе ішлі пехатой, аднаго мяне пасадзілі на бульбу. Прыгрэўшыся ля мяшкоў, я заснуў.

Калі мы прыехлаі двору, мяне, соннага, занеслі ў хату і, не распранаючы, паклалі на печ. А самі заняліся парадкаваць бульбу ды гатаваць вячэру. Вячэраць у нас садзіліся ўсёй сям'ёй: дарослыя і дзеці. Пабудзілі, паклікалі і мяне.

Прахапіўшыся, я адразу палез у кішэні, каб даць маме свой здабытак.

Толькі прамовіў словы: «Мамачка! Што я знайшоў!», як мае рукі трапілі ў нейкі кісель. Ажно гэтыя казлякі на гарачай печы папякліся, ператварыліся ў сапраўдны клей.

Як я закрычаў, загаласіў - аж зайшоўся ад плачу. Бацькі напалохаліся: я ўзняў рукі ўгору, з іх цячэ нейкая брыда.

Колькі часу прайшло, пакуль дабраліся толку! Тады ж пачалося другое гора: забрудзіў новае пальцечка.

Але мяне суцешылі тым, што дакляравалі сёння ж пальцечка вымыць. Мне растлумачылі, яно стане яшчэ прыгажэйшае...

Так я ў самыя малыя свае гады даведаўся, што трэба насцярожана аглядаць і радасць, ці не схаваны ў ёй, часам, слёзы...


Загрузка...