Працаваў я ў Сібіры некалькі гадоў у сталярнай майстэрні з адным сібіраком, па паходжанню беларусам. Звалі яго Сцяпан Прохаравіч. Прозвішча ён меў- Мельнікаў. Было ў яго адзінаццаць дзяцей, і з іх толькі адзін сын. Ды дзяўчаты вясёлыя, прыгожыя, здольныя і да работы і да мастацтва: спяваць, танцаваць. Адна - добры акрабат нават была. А сам бацька які быў мастак: бондар, саннік, калёснік, рымар, паляўнічы, рыбак, шавец... І зверх усяго - музыка, скрыпач. Іграў ён на скрыпцы і сабе і людзям. Прасілі:
- Прыйдзі, Сцяпане, пайграй.
Хадзіў. А скрыпка - яшчэ бацькоўская, з Беларусі прывезеная...
І вось аднойчы трапілі мы ўдвух са Сцяпанам Прохаравічам у аварыю. Працавалі з ім пры невялічкай цыркулярнай піле ў сталярнай майстэрні. А пастаўлена піла была без афіцыйнага дазволу, на нашу ўласную адказнасць. І вось паадрываліся нашы прымітыўныя мацункі, парэзала піла нам рукі: мне правую, садраўшы мяса з вялікага пальца, а яму - левую, паадразаўшы па адной фаланзе на пальцах. Заматалі мы свае рукі тым-сім ды пайшлі да хірурга. А хірург, жанчына, - вельмі высокай кваліфікацыі. Але што найлепшы хірург зробіць, калі паадразаны кончыкі пальцаў і садраны пазногаць ды мяса да касці. Ледзь не адняла мне палец зусім. Сястра медыцынская дапамагла: маладая, дужая, сцягнула мяса з бакоў, а дакторка і прыхапіла іголкай... Так палец і ацалеў.
Сцяпану Прохаравічу ж і таго няма: зрабіла перавязку, кроў спыніла і ўсё.
- Зарасце, працаваць будзеце. Што для сталяра фаланга або і паўфалангі на левай руцэ? А каб уся рука, лягчэй?
Так яго суцяшала. А ён толькі падтаквае:
- Так,так, вашая праўда.
А калі мы выйшлі з бальніцы, азірнуўся ён, нікога блізка няма - стаў і... заплакаў...
Я жыў бліжэй ад бальніцы, чымсьці ён. Падумаў, што так ад болю ён. Запрашаю:
- Дарагі браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца...
- Не, браток, гэты боль не ўтаймуецца навекі. Лепш бы мне пальцы на правай руцэ паабразала, чымсьці на левай...
Я адразу і не ўцяміў, кажу:
- Ды што ты, Сцяпане! Правая ж рука нам важней!
- Эх ты, брат! Ніяк зразумець не хочаш! Правай рукой я толькі смычок трымаю, а левай жа лады перабіраю. Ды які ж з мяне скрыпач будзе?
Тады толькі я ўцяміў, што, маючы літаральна дваццаць спецыяльнасцяў, якімі ўладаў, бы прафесар, ён самай галоўнай лічыў дараваную яму ад прыроды - мастацкую, музычную. Яна, значыцца, прыносіла яму і радасць, і адпачынак, і асалоду. А самая вялікая асалода - свядомасць таго, што ты даеш радасць іншым людзям.
...Прайшло ўжо нямала часу, калі я развітаўся з тым сваім сябрам, сібірскім беларусам. Пабачыўшы адну жанчыну з таго далёкага паселішча, спытаў пра Сцяпана Прохаравіча:
- Як ён маецца, ці іграе на скрыпцы?
Адказала яна, уздыхнуўшы:
- Іграць-то ён іграе, але ўсё нешта не так...
Нездарма тады слёзы пакаціліся ў яго з вачэй...