Як бацька вучыў агонь распальваць

Цяпер агонь распаліць можа кожны блазан, які навучыўся самастойна штаны сабе зашпіляць.

Ідзеш калі па вуліцы і бачыш, як такі герой стаіць і страляе запалкамі, пстрыкаючы іх па адной з пушачкі. Бывае, што і пажар напстрыкае каторы.

Але ж быў такі час, калі агню не было ў людзей. Першыя вынаходцы агню былі не менш ушанаваны сваімі сучаснікамі, чымсьці ў нашыя дні адкрывальнікі атамных таямніц. Нядаўна ў Інданезіі знайшлі ў джунглях невялічкае ізаляванае племя людзей, жыццё якога стаіць на ўзроўні каменнага веку. Агонь яны і сёння здабываюць, тручы кавалкі сухога дрэва. Падобнае ж племя нядаўна выявілі і ў нетрах басейна ракі Амазонкі. Ды што там Амазонка!

Нябожчык наш вучоны Сербаў расказваў мне ў дваццатыя гады, што ў часе свайго падарожжа ў глыбіні Палесся ён знайшоў адну палескую вёску, у якой жылі сапраўдныя вогнепаклоннікі.

Напярэдадні Купалля ў гэтай вёсцы гасілі, залівалі ўсе агні ва ўсіх хатах. Не пакідалі аднаго нават вугольчыка або іскрынкі. Печы бялілі нанова крэйдай. Пасля ўсе жыхары, дарослыя і малыя, апраналіся ў святочныя, белыя вопраткі і, спяваючы адпаведныя рытуальныя песні, ішлі працэсіямі ў свой лес, на лясную паляну. Там старэйшына гэтай вёскі ссякаў ясень і пачынаў, прыстасаваўшы кавалак яго як корбу, церці аб сухое дрэва, пакуль не загараўся агонь. Калі з'яўляўся новы агонь, людзі раскладвалі вялікі касцёр. Дзяўчаты і маладзіцы вадзілі ля яго карагоды, мужчыны і хлопцы спявалі і танцавалі. Усе песні былі не абы-якія, а прыстасаваныя да гэтага ўрачыстага моманту. Пасля, зноў жа са спевамі, неслі агонь у вёску, а гаспадары кожнае хаты прыпальвалі ад яго лучынкі і заносілі ў свае печы. Ад таго дня яны не зводзілі гэты агонь цэлы год, аж да новага свята.

У нашай мясцовасці я такога свята не ведаў. Але ў часе свайго дзяцінства я бадай-што не бачыў, каб хто распальваў агонь запалкамі. Усе мелі пры сабе скалку, крэмень, крэсіва і цэру. Перад самай першай вайной цэру замяніў крамны кнот. У параўнанні з першым спосабам здабывання агню, - трэнне дрэва аб дрэва, - другі спосаб быў, мабыць, цэлай падзеяй у жыцці многіх народаў, чаму і пратрымаўся амаль да самай рэвалюцыі.

Усе «агнявыя» прылады дарослыя людзі насілі ў адмысловых скураных капшуках, магалейках, на паясах, з левага боку. А магалейкі выраблялі з барановых машонак, каб яны не прапускалі ні дажджу, ні снегу, не мелі ніякіх швоў. Падлеткам насіць агнявыя прылады забаранялася. І вось, - які вялікі гонар! - я атрымаў ад бацькі магалейку тады, калі мне было восем гадоў. Ды не без дай прычыны, а з-за вялікай патрэбы.

Здарылася так, што вясковы выган для скаціны стаў вельмі кепскі. Вось бацька ўзяў як бы ў арэнду пасеку ля возера Доўжа. Самі гаспадары жылі стала мілі за тры, і паша іхняя ніяк не выкарыстоўвалася. У першы дзень, калі мне бацька паказаў дарогу, - вярсты тры лесам, - да гэтае пасекі, ён і навучыў мяне агонь распальваць.

- Даю табе, сынок, усе гэтыя агнявыя прылады. Агонь - святая справа. Ён дае нам жыццё, але ж можа і адабраць жыццё. Агонь памагае нам паляпшаць жыццё, але можа ў адно вокамгненне знішчыць усе набыткі на тло. Ніякіх жартаў з агнём быць не можа і не павінна. Ні абражаць яго, ні сварыцца на яго, ні закідваць якім брудам нельга, бо ён спомсціцца так, што ты і не рады будзеш. Галоднаму ён дапаможа згатаваць страву, халоднага абагрэе, у цёмную ноч дасць нам святло. Але толькі тады, калі будзе сапраўдная патрэба, можна ўдарыць крэсівам аб скалку. Агонь раскладзі так, каб ён не дастаў да дрэў, каб не пабег па лесе. Спачатку кладзі крыху падпалу, а як угарыцца - падкладвай больш. Калі згатуеш страву або абагрэешся, засып яго зямлёй, пяском. Хто гэтага не зробіць, той ніколі другому чалавеку не паспагадае, не паможа яму з няшчасця выбавіцца. А ты заўсёды так рабі, дзе б ні быў, хоць і цяпер, малы, хоць у далейшым, дарослы. Бо я прыйду і пагляджу, як ты выконваеш мой наказ... А цяпер назбірай сухіх сучкоў і ядлоўцу, раскладзі сам першы агонь...

Я назбіраў апалу і падпалу, склаў маленькі ламок і пачаў высякаць першы ў сваім жыцці агонь. Сэрца маё аж заходзілася ад радасці і гордасці. Ад хвалявання я больш трапляў па пальцах, чымсьці па скалцы. Але ўсё ж праз некалькі хвілін іскрынка трапіла на цэру. Я раздзьмуў яе і паднёс да сухога ядлоўцу. Ядловец адразу пыхнуў. Шыза-сіні дымок ахапіў мой твар. Гаркава-салодкі смак яго я ўяўляю і цяпер і адрозню яго лёгка ад усялякага іншага...

...Распальваў я агні толькі ў тыя раніцы, калі сапраўды было зімна. Разы са два-тры за лета прыходзіў мой тата, абыходзіў усе мясціны, дзе я пасвіў каровы, праглядаў і нешматлікія вогнішчы. Пасля ўсяго казаў:

- Добра, сынок!

У далейшым жыцці я ніколі і нідзе не пакінуў непагашанага агню. Так ужо ў звычку зайшло.


Быў такі выпадак. Жыў я на Далёкім Усходзе. Траляваў з тайгі бярвенне на тартак. Аднойчы паехаў разам з адным алтайцам. Заехалі ў тайгу. Паклікаў ён мяне:

- Давай падымемся на сопку!

- Ды мой конь не самавіты!

- Дарма! Затое там возьмем сушынак, адразу норму споўнім.

Паехалі. Узняўшыся, пэўна, на кіламетр да неба, адшукалі і сушынкі. Бяры, грузі ды да долу. Але тут раптам узняўся буран. Ды які! Аж сопка здрыгалася. Мы адразу коні падвялі да вывараці, прывязалі іх да каранёў. Так, нібыта ў закутак, яны і сталі. А самі за вывараць селі, склалі галовы і пачалі раіцца.

- Ну, добра, калі гадзіну якую пакруціць. А калі на ўсю ноч? Што тады?

Думай не думай, а трэба чакаць. Мой напарнік сабраў па кішэнях нейкія рэшткі махоркі, зляпіў дзве цыгаркі і кажа:

- Давай запалкі!

- Няма!

- І ў мяне няма. Але чакай - зараз агонь будзе.

Выдраў ён з ватніка крыху ваты, скруціў яе ў маленькі валік, сякерай адшчапіў ад пня сухую трэсачку і пачаў гэтай трэсачкай качаць валік па пні. Я накрыў яму галаву крысом бушлата, каб не заносіла снегам. Раптам ён спыніўся, хапіў валік, дзьмухнуў на яго і пацягнуў канцы ў розныя бакі. Адразу пыхнуў агонь. Мы падпалілі трэсачкі, распалілі пад вывараццю невялічкі агонь і, зразумела, прыпалілі свае цыгаркі.

Пакуль курылі, грэліся, жартавалі - буран заціх, спыніўся. Спыніўся ён так жа раптоўна, як і пачаўся. Мы адразу ж увязалі вазы - фінскія сані.

- Ну, паехалі! - кажа мой напарнік.

- Пачакай. Трэба агонь пагасіць.

- Ды што ты, мілы! Вецер і снег усё загасяць.

- Хай яно і так, але я калісьці дакляраваў свайму бацьку, што ніколі і ні пры якіх акалічнасцях не пакіну нідзе нават маленькага агеньчыка. Справа нядоўгая.

Агонь пагасіў...


Загрузка...