Патэльня з юшкі

Паехалі мы неяк у камандзіроўку з Бірабіджана ў тайгу, на адным важным аб'екце вадаправод рамантаваць. Нас - чацвёра. Папрацавалі мы там, зрабілі ўсё, што трэба, а начавалі ў прачкарні. І надумаліся мы бліноў напячы. Пайшлі, купілі мукі, алею, адным словам - дасталі ўсё, што для гэтай справы і стравы патрабуецца. Развялі бліны, распалілі пліту. Бяры налівай на патэльню ды і падпякай іх там... А патэльні і няма. Пра патэльню мы і не паклапаціліся за добрым часам. Не пойдзеш ноччу да каго: «Пазычце нам патэльню, мы надумалі бліны пячы...»

Сталі адзін супраць аднаго і маўчым. Пасля нехта адзін з'едліва так звяртаецца да мяне ды на «вы», з фасонам:

- А можа, вы, Уладзімір Мікалаевіч, зробіце нам патэльню з чаго-небудзь і як-небудзь?

- Зраблю, - пдказваю я. - Праз дзве хвіліны патэльня ў вас будзе.

А ўжо я перад тым вачыма памацаў усе прылады, якія былі ў прачкарні, думаючы, прыкідваючы, ці нельга якую з іх прыстасаваць да гэтае справы. Нічога больш прыдатнага, чым верхняя юшка, я не знайшоў.

Адразу ж падышоў, узяў гэтую юшку, абцёр на ёй сажу, абмазаў з сярэдзіны алеем, прасмажыў яе на агні, а затым сказаў:

- Калі ласка! Патэльня гатова.

І што ж - напяклі бліноў, наеліся да сыці, а таму зласліўцу прыйшлося нават падзякаваць мне за вынаходлівасць...


Загрузка...