Буланы конь

У нашай сям'і чамусьці думалі, што коні ў нас могуць весціся толькі вараной масці. Больш, казаў тата, ніякая масць у нас не вядзецца: то хварэць пачынае, то так якое няшчасце здарыцца. Колькі я сябе помню, у нас былі толькі вараныя коні. Апошні перад самай вайной быў наш уласны гадаванец, узяты яшчэ жарабяткам. Рос ён, можна сказаць, разам з намі, ведаў нас усіх, асцерагаўся, каб не ступіць сваім капытом на каторага малога, цярпліва ставіўся да ўсіх нашых гарэзных жартаў: заплятання яму хваста ў косы або яшчэ чаго падобнага. Быў ён дужы, цярплівы. Вазіў вазы вялікія, асабліва тады, калі пайшлі ў нас панарады-калёсы на жалезных восях.

Былі мы ім усе задаволены і толькі імкнуліся, каб і ён быў задаволены. Наносілі мы поўныя вышкі асенняга лісця, якое дадавалася на подсціл яму і каровам, здабывалі кантрабандай канюшыны ўлетку, нажынаючы яе сярпом. Адным словам, як маглі - дзякавалі за шчырую працу. Улетку вадзілі час ад часу на рэчку, дзе купалі, мылі, зімой чысцілі шчоткамі.

І вось прыйшла вайна. Падкаціліся яе мутныя хвалі да нашых зацішных куточкаў. З'явілася на тых хвалях розная шума несусветная, усялякія фуражыры-драпежнікі, якія бралі ў сялян і пошар, і коні пад шарлатанскія распіскі, фількавы граматы, карыстаючыся ўласцівым для вайны бязладдзем, безначаллем. Забралі і ў нас каня, з ходу:

- Часова, баця, на пару дзён. Мы прывядзём яго назад. Вось табе наша гарантыя - распіска.

А на гэтай гарантыі ні пячаткі, ні назвы воінскай часці... Бывалі выпадкі, што праз якую мілю прадавалі такіх коней у суседніх вёсках... Ідзі, свішчы, жалься...

Адным словам, засталіся мы без каня. А тут трэба бульбу з поля вазіць, збожжа не ўсё ў свірне. Ды што казаць - на ўсякую справу патрэбен свой конь. За нашым лесам Сухавершу, па ўсёй Туянісе быў вялікі бой. Пакрышыла-паламала там дрэў - немаведама колькі. Як толькі прыціхлі гарматы, пачалі з кулямётаў ды з вінтовак страляць. А мне - не сядзіцца. Пайду, гляну, можа дзе наш вараны конь ходзіць, яго ж у той бок пагналі. Іду, кулі свішчуць, але слабенька, нібыта якія кіламетры два праляцеўшы, ды і садзяцца, садзяцца, як пчолкі на адпачынак. Добрыя пчолкі! Як джгне, дык не захочаш ніякага мёду. А я іду сцежачкай блізу самага ўзвышша. Бачу, дарогай у даліне крочыць на перадавую лінію рота салдат, вядзе яе капітан, а наперадзе - салдат з гармонікам праз плячо і, каб падняць дух, на гармоніку іграе і спявае ва ўсю:

Выйшла Дуня за вароты, а за ёю салдат рота.

Салдаты, гэта рота, ідуць моўчкі, ссутуліўшыся, і, нават збоку відаць добра, што напляваць ім на тую Дуню і на тыя вароты... Але згледзеў мяне капітан.

- Хлопчык, хадзі сюды!

Падыходжу. У мяне між іншым аброць у руках.

- Чаго ты тут швэндаешся па лесе? Бачыш, чуеш - кулі свішчуць? Табе што, жыццё абрыдла?

- Жыццё мне зусім не абрыдла, але нашага каня забралі, я шукаю, можа, выпраглі ды пусцілі, ён жа ваеннай справе не вучыўся...

- Ды вунь, - паказвае рукой, - конь траву шчыпле. Бяры ды хутчэй уцякай адсюль...

Пайшоў я - праўда, за якіх метраў дваццаць пасецца конь, але не наш - буланай масці, на баку таўро. Ды, відаць, напалохаўся вайной - пабачыўшы мяне, адскочыў ды ўцякаць. А ён жа не спутаны. Я за ім, кепачку зняў - нібыта гэта торбачка з аўсом, - ды да яго:

- Кося, кося, на аброку!

А яго, мабыць, так накармілі аброкам, дык ні слухаць, ні глядзець не хоча...

Хадзіў я, хадзіў, пэўна, з гадзіну, калі не болей. А кулі тыя свішчуць. Думаў ужо ісці з лесу. Дужа небяспечна. Урэшце спыніўся конь буланы, падпусціў мяне да сябе. Я яму аброць на галаву, зашпіліў і пачаў гладзіць ды размаўляць з ім ласкава. Адначасна аглядаю з усіх бакоў. Конь малады, дужы, па ўсім відаць, зусім не худы, але ў яго збіты моцна карак, нават гнаіцца пачынае. Я яго памаленьку ў павадку і павёў. Выйшлі мы з небяспечнай зоны, а там ужо і казаць няма чаго - без жаднага страху давёў я буланага да нашай сядзібы. Тут бацькі, малыя далі яму скібачку хлеба з соллю, пагладзіў бацька, голас свой падаў. Пасля ўзяў зелля адмысловага, - а ў каго свая жывёла была, усялякія зёлкі на першы выпадак збіраліся, - прамыў яму раны, памазаў маззю, спуталі мы яго - ды на лужок. Толькі паглядаем, каб куды далёка не пайшоў. А яму, відаць, ад мазі адразу лягчэй стала, ды і мухі перасталі раны абсядаць. Нікуды ён не адыходзіцца далёка, пасецца. Так дзень па дні - абгаіўся ў яго карак. Падладзіў бацька для буланага хамут, паклаў больш мяккага лямца, і пачалі мы памаленечку лёгкія вазы вазіць. Выявілася - залаты конь. На ім бацька мяне і ў Парафіянава адвозіў і толькі дзівіўся:

- Паверыш у нейкую дурную прымху, што толькі вараныя коні ў цябе будуць весціся. Вось зусім не вараны, а буланы трапіў на шчасце, а які залаты конь!

Так, пакуль сям'я ў Маскву не выехала, і жыў буланы ў таты, нахваліцца на яго не маглі, нават у Маскве колькі разоў згадвалі...


Загрузка...