Мой першы працоўны дзень

Мне споўнілася шэсць гадоў. Праўда, пары месяцаў не хапала, але я быў рослы хлопчык, і ніхто не сумняваўся, калі я казаў, што мне шэсць поўных. Гэтая мая пахвальба, мабыць, дапамагла таму, што мне надумалі даць пэўную работу на ўсс лета. Не цяжкую, без пылу і дыму, але... ад усходу сонейка і да сонейкавага захаду. Работа гэтая - пасвіць гусі. Іх у нас быў статак немалы: тры гускі, гусак ды пятнаццаць гусянят. Схадзіў я з мамай напярэдадні на выган. Расказала мне яна, як іх трэба пасвіць, каб яны добра наядаліся, як трэба пільнаваць, каб іх ніхто не крыўдзіў - ні дзеці, ні якія бобікі ці рудзікі.

- Заўтра, - мне сказана было, - як толькі сонейка пачне ўставаць, ты таксама ўстанеш і пагоніш гусі на пашу. Так сонейка і будзе даглядаць цябе цалюткі дзянёк. А калі яно пойдзе за небакрай, на адпачынак, дык і ты з гусямі двору...

Падрыхтавалі мне торбачку, а ў ёй луста хлеба ды невялічкі сырок.

- Калі захочаш піць пасля палудня - нап'ешся з ракі.


Добра я спаў. Разаспаўся надта. А тут мяне пад бачок:

- Сынок! Уставай! Сонейка пачынае ўзыходзіць...

- Мамачка! Яшчэ крыху пасплю...

- Сынок! Чуеш, гускі цябе шукаюць, клічуць: «Га-га-га, а дзе наш пастушок?» Уставай. Трэба ж і паснедаць...

Устаў я. Ногі мае аж запляталіся, калі я ішоў да мыцельніка. Папырскаў там вады на твар. Пасля - паснедаў. Торбачку цераз плячо. Дубчык у руку і - на панадворак. А гусі ўсе чакаюць ля брамы і гагочуць, гагочуць...

Адчынілі браму - яны адразу налева, на выган. Гусак наперадзе, гускі з бакоў і ззаду, а гусяняткі ўсярэдзіне, пад надзейнай аховай.

Гускі толькі гагакаюць на кожны шолах, на кожны стук.

Выбраліся мы на выган. Там яны ўсе да травы. Нездарма ж і пра людзей гавораць, калі іх да чаго вельмі цягне: «Прыпаў да гаворкі, як гусі да травы...»

Я тым часам бадай зусім ачуняў. Пачаў разглядаць, дзе што робіцца, як конікі свіргочуць і скачуць з травінкі на травінку, як божая кароўка клапатліва аглядае нейкую зёлку, як плісачка круціць сваім хвосцікам, а сама нібыта паклоны адбівае... Колькі ўсяго цікавага!

Пачакаўшы, паехалі людзі з суседніх вёсак нашай дарогай у мястэчка. Едучы, яны злазілі з вазоў, адчынялі вароты, за якімі была ярына. Праехаўшы, зачынялі вароты і тады толькі садзіліся на воз. Але адзін нейкі нявывалака, праехаўшы, за сабой вароты не зачыніў, паленаваўся. Сеў сабе і паехаў сваёй дарогай. Магчыма, ён разважаў так, што пастушок зачыніць вароты. А пастушок гэты і не здагадаўся.

Наш гусак, пабачыўшы адчыненыя вароты, адразу да іх і падаў сігнал: «Го-го-го!», гэта значыць - «за мной усім родам!». Так увесь род гусіны і падаўся праз вароты ў ярыну. А там, ля самага плота, Жаўняроў авёс. Ды такі авёс - цёмна-зялёны, як трысцё.

Прыпаўшы да таго аўса, мае гускі зусім замоўклі. Яны елі, елі. Клаліся на авёс, адпачывалі. Пасля зноў уставалі, зноў елі.

Раптам з'явілася старая Жаўнярыха. Яна толькі выгукнула:

- А божухна, а літасцівы!

Пасля схапіла нейкую парканіну і пачала латашыць маіх гусак. А мне ж дадзены наказ - бараніць гусей і ад людзей і ад бобікаў. Я са сваім пруточкам да яе ды ў голас:

- Што вы робіце! Гэта мае гусі!

- Ах, твае? Гэта твае гусі? Дык на ж і табе!

Тут парканіна загуляла па маіх баках. Ужо ж яна мяне так перыла, так пляжыла, што жывога месца на мне не засталося. Гусі тым часам самі выбеглі ўсе на выган. Пайшоў і я за імі, слязьмі абліваючыся. Старая тая зачыніла вароты і падалася да гасподы, праклінаючы і маіх гусей і мяне самога...

Дабыўшы з гускамі да сонейкавага захаду, пагнаў я іх двору.

Тата запытаўся ў мяне:

- Усіх гусак дапільнаваў? Не згубіў ні аднае?

- Ды не! Усе тут.

- А чаму ж ты нейкі сумны, ды нейкія пісягі ў цябе на руках...

- Мяне старая Жаўнярыха набіла. Кіем біла.

Бацька зжахнуўся.

- Як так? Завошта?

Я расказаў пра ўсё, як яно было. Бацька пайшоў і пасварыўся на старую.

- Хіба так можна рабіць? Ты ж магла акалечыць хлопца. Усё роўна ж мне трэба будзе аддаць табе снапы за тое, што мае гусі выелі.

А мне сказаў:

- Сынок! Сцеражыся! У людзей зямлі мала. Нівы малыя. Калі іх выпасвіць гусьмі, коньмі, авечкамі, дык што ж людзі нажнуць, што ж яны намалоцяць, з чаго ж яны хлеб будуць есці?!. Вароты павінен зачыняць той, хто іх першы пабачыць расчыненымі, каб пазбегнуць шкоды...

Зачыняў пасля. Зачыняю і цяпер, калі дзе бачу адчыненыя...


Загрузка...