Хто пытае, той не блудзіць

Пайшлі мы аднойчы з Антосем Слабковічам у грыбы за возера Баторын, у пушчу. Год быў грыбны, грыбоў хапала ўсюды, але там былі баравікі надзвычайна прыгожыя, верасавікі. Гэта значыць, што раслі яны ў пушчы каля верасовых дываноў, а то і на іх непасрэдна. Былі яны заўсёды мажныя, корань - бочачкай, галоўкі на іх не то што чорныя, а ледзь-ледзь цёмна-вішнёвага колеру. З паляны на паляну, з другой - на трэцюю і прайшлі мы немалы край. Набралі паўнюткія кошыкі, а кошыкі ў нас былі вялікія. Трэба ісці дадому. Усё роўна з пушчы баравікоў усіх не возьмеш ніяк. Выйшлі на дарогу, а ўваччу ў нас так баравікі і мільгацяць, так сваімі галоўкамі і вабяць. І верасы, здаецца, полымем гараць, зіхацяць. Вось гэтае полымя нас, мабыць, крыху і асляпіла. Выйшаўшы на дарогу, пайшлі мы не ў той бок. Ішлі мы, ішлі, валаклі свае кошыкі. Ужо б і Баторын павінен сваімі хвалямі зашумець, а тут замест таго Баторына адкрылася зусім іншая карціна: на вялікай нібы паляне, а можа, пасецы, стаяць кладнічкі, штабялькі пнёў смаляных, якіх мы ніколі не бачылі. За гэтымі кладнічкамі нейкая пабудова, з якой праз комін дым ідзе. А водар - жывы шкіпінар, смала, дзёгаць...

Антось жа старэйшы ад мяне, той хоць ведае, што гэта такое:

- Смалакурня нейкая. Нават не скажу, дзе такая ёсць. Але калі дым ідзе, павінен і смаляр быць.

Аж вось ён, выходзіць з-за тых кладнічак Іцак Папыцак. Мы яму «дзень добры» даём, ён нам адказвае і пытаецца:

- Куды ж вы, хлопчыкі, ідзеце?

- У Мядзела, - кажам у адказ.

- У Мядзела?! - Тут жа ён павярнуўся да пабудовы і пачаў клікаць. - Сорка, Сорка, кум а гэр!

Выбягае жанчына, мабыць, жонка.

- Зірні на іх, яны ідуць у Мядзела, - і паказвае рукой, у які бок мы ідзём.

Жонка павяртаецца да пабудовы і пачынае крычаць:

- Рохка, Дворка, Додка, Арчык, - кум а гэр!

Неўзабаве з'яўляюцца ўсе названыя асобы, крыху замурзаныя, але даволі сімпатычныя, асабліва, на мой густ, Дворка. Калі яны ўсе сталі каля маткі, яна ім пачала тлумачыць:

- Зірніце на гэтых хлопцаў. Яны набралі па кошыку баравікоў. І яны ідуць дадому, у Мядзела. Ідуць яны вунь у той бок...

Усе малыя пачалі дружна смяяцца. Смяюцца дзеці, смяюцца бацькі. Нічога не засталося нам больш рабіць, пачалі смяяцца і мы. Насмяяўшыся ўволю, бацька кажа нам:

- Мядзела ў тым баку, адкуль вы да нас прыйшлі! Зразумелі ці не? Калі зразумелі, захацелі есці - можаце ў нас папалуднаваць. Да захаду сонца вы паспееце дадому лёгенька.

Так мы і зрабілі. Выпілі ў іх па кубачку малака, з'елі па лусце хлеба, падзякавалі і меліся ісці. Але Антось усё ж запытаўся:

- Дзядзька! А чаму вы нам адразу не сказалі, што мы заблудзіліся, а паклікалі сваю гаспадыню, яна ж - усіх дзяцей?..

- Эх ты! Ты гадзіны дзве пахадзіў па пушчы, і табе маркотна стала. А яны тут жывуць колькі часу, бачаць толькі, як вазы на Вілейку ідуць. Ці ж такія хлопцы ці дзяўчаты калі дарогі пытаюць? Для іх сустрэча з вамі маленькае свята і... навука, каб яны самі лепш дарогі пільнаваліся.

Спадабаліся нам і самі гаспадары, і дзяўчаткі асабліва. Разы са два мы зноў траплялі на тую смалакурню «памылкова». А зімой Рохка і Дворка прыехалі вучыцца ў нашу школу. Сустрэўшыся з імі ў школе, мы неаднойчы смяяліся, успаміналі нашу першую з імі сустрэчу...


Загрузка...