Сучасныя юныя чытачы і, праўду кажучы, многія дарослыя людзі, не ведаюць, не ўяўляюць сабе, як цяжка было ў перадрэвалюцыйным часе знайсці якую добрую кніжку для чытання. Вясковыя дзеці бачылі фактычна толькі адны школьныя падручнікі, ды і тых было небагата: кніга для чытання, задачнік і «закон боскі». Бібліятэк для рабочых і сялян, асабліва ў сельскай мясцовасці, не было нідзе ніводнай. Паны мелі ўласныя вялікія і багатыя бібліятэкі ў сваіх палацах, але туды простых людзей ніхто не дапускаў. Ды і большая частка кніг у панскіх бібліятэках была на замежных, не зразумелых нашаму народу мовах. Адзіныя даступныя кніжкі, якія прадаваліся па капейцы за штуку на ўсіх кірмашах і фэстах, гэта казкі пра Баву Каралевіча, Еруслана Лазаравіча і падобныя да іх. Толькі напярэдадні рэвалюцыі пачалі з'яўляцца іншыя танныя выданні, галоўным чынам, маленькія апавяданні Льва Талстога.
Нас, дзяцей, цікавілі кнігі ўсялякія. Нам дужа хацелася даведацца, якія краіны ёсць на свеце, якія там людзі і як жывуць. Аб тым, што ў тых краінах жывуць не так, як у нас, мы добра ведалі ад сваіх землякоў, якія ездзілі на заработкі ў Амерыку і ў іншыя краіны. А потым мы сяды-тады бывалі ў князеўскай аранжарэі - велізарнай і багатай пабудове, дзе бачылі, напрыклад, пальмы, метраў па пяць-шэсць вышынёй, бачылі пярцовае дрэва, бачылі незлічоную колькасць розных кветак трапічных краін, з дзівоснымі формамі, колерамі і пахам. А садоўнік, чалавек вельмі культурны і добры, расказваў нам пакрысе пра кожную з тых краін...
І вось даведаліся мы аднойчы ад княгінінага кухара Караля, што ў палацы ёсць вялікі пакой-кабінет нябожчыка-князя, а ў ім усе сцены застаўлены вялізнымі шафамі, а ў тых шафах - кнігі, кнігі, кнігі... Папера ў тых кнігах, як скура, вырабленая. Аздоблены яны і золатам, і срэбрам, і ўсімі колерамі, якія толькі ёсць на зямлі і на небе... Сама княгіня іх, бадай, не чытае. А больш нікому не дазволена браць кнігі ў рукі. Толькі адна глухая пакаёўка, пані Марцэля, якая і пры князю там усё даглядала, зрэдку заходзіць у той пакой і выцірае пыл са сталоў і з паліц. А яшчэ стаяць там зробленыя з каменя, з мармуру, статуі тых людзей, якія пісалі кнігі для князеўскай бібліятэкі. Яны і вартуюць цяпер гэтыя кнігі, праганяюць усіх, хто не ўмее з імі абыходзіцца... І гэта не ўсё. Пасярэдзіне таго пакоя - высокае крэсла на кольцах, у якім князя вазілі да стала, па пакоях, бо ў апошнія гады свайго жыцця хадзіць ён не мог... Людзі ціхенька казалі, што гэта лёс князя пакараў за тое, што, быўшы царскім міністрам унутраных спраў, ён вельмі многа нявінных душ загубіў, пазаганяў на катаргу або і на шыбеніцу паслаў...
Паслухаўшы такія апавяданні старога Караля, - вясёлага дзеда з доўгімі сівымі бакенбардамі, мы не маглі ні спаць, ні есці, так нам захацелася пабываць у той цудоўнай бібліятэцы і самім паглядзець на дзівосныя кнігі. Адно нас толькі бянтэжыла і непакоіла - наяўнасць каменных вартаўнікоў. Як іх улітаваць і схіліць на свой бок?
Але хто ж гэта «мы»? Мы, невялічкая кампанія дзяцей, якія жылі ў маленькім сяле Манькавічах: два фельчаравы сыны, два мае браты і тры сыны мясцовага крамніка Моўшы.
Пакрысе склалі мы поўны аператыўны план свайго паходу. Самае галоўнае - каб трапіць у палац у часе адпачынку, калі сама княгіня адпачывала на канапе і нікому з чалядзінцаў не дазволена было хадзіць праз пакоі.
Падабраўшыся да самага палаца, мы пазалазілі на высокі балкон-тэрасу, фактычна - на другі паверх. Спрыяла гэтаму тое, што ўвесь балкон быў апавіты дзікім вінаградам. З гэтай тэрасы мы трапілі адразу ў вялізную залу, у хараство, не бачанае намі. На столі, на сценах былі вырабленыя з белага каменя кветкі, лісце, постаці людзей, і малых і дарослых, і мужчын і жанчын, але, бадай, зусім распранутых. Толькі на некаторых былі нібы лёгкія нажутачкі, а то і проста як бы хусціначкі. Гэта нас дужа здзівіла. Мы паспрабавалі нават растлумачыць такую акалічнасць: мабыць, горача ў іх, вось яны і параспраналіся. Уразіла нас яшчэ падлога. Чулі мы даўно, што паркет у палацы націраюць пчаліным воскам. Але ж адно слухаць, а другое бачыць: мы проста падалі на гэтай падлозе, як зімой на возеры, да таго яна была слізкая. Апрача ўсяго, мы, як у люстэрку, адлюстроўваліся тут... Але ж далей, далей! Мы прыйшлі не на княгінінай падлозе коўзацца, а кнігі чытаць.
З гэтай залы было некалькі дзвярэй. На наша шчасце, мы адчынілі дзверы не насупраць балкона, - бо якраз трапілі б у той пакой, дзе адпачывала княгіня, - а на правую руку і выйшлі ў доўгі калідор. У гэтым калідоры было, пэўна, дзесяцера дзвярэй у розныя пакоі. Мы, ідучы калідорам, адчынялі па чарзе дзверы ў кожны пакой, але не заходзілі ў іх, бо для нас там не было нічога цікавага: сталы, ложкі, карціны... І вось, нарэшце, прачынілі мы дзверы ў які шосты або сёмы пакой.
Божухна! Праўду, шчырую праўду казаў нам сівы Кароль! Шафы, шафы, шафы і ўсе са шклянымі дзверцамі, ды ад падлогі да самай столі... Нават паміж вокан знадворнай сцяны шафы, шафы... І ва ўсіх жа шафах - кнігі, кнігі, кнігі... Мала таго, на некаторай адлегласці ад шафаў вялікія стосы кніг проста на падлозе. Гэта, мабыць, тыя, для якіх не знайшлося месца ў шафах. А на высокіх упрыгожаных слупках-тумбачках каменныя вартаўнікі - сталыя людзі, з мудрымі, высокімі лбамі... Пакланіліся мы ім - маўчаць. Падышлі да шафаў, азірнуліся на іх - не чапаюць нас, не кратаюцца.
- Чаго ж нам баяцца іх! - рассудзіў старэйшы брат. - Яны пісалі свае кнігі для людзей. Мы іх не псуём. Чаго ж ім гневацца на нас?
І мы ўсе кінуліся да кніг. Бралі адну, гарталі, разглядвалі малюнкі, на якіх былі ніколі не бачаныя намі краявіды, людзі, убранні, бралі другую, трэцюю...
Мы проста сп'янелі ад гэтых кніг, ад усяго багацця, ад усяго хараства, пра якое, зразумела, раней не маглі і ў сне сасніць...
Некаторыя старонкі былі незразумелыя для нас, некаторыя - зразумелыя нават без тлумачэнняў. Мы захапіліся гэтымі кнігамі і зусім забыліся на тое, што ў палацы, што мы прайшлі сюды недазволеным шляхам, што нас за гэта могуць пакараць вельмі жорстка. Хто стаяў, хто сядзеў на падлозе, выцягнуўшы ногі і паклаўшы на іх кнігу. А я ўзяў такую тоўстую і цяжкую кнігу, што не мог яе трымаць ніяк. Доўга не думаючы, паклаў яе на стол, сам падагнаў князеўскае крэсла, сеў у яго і пачаў лёгка і свабодна гартаць старонку за старонкай. Сустрэўшы вялікую рэпрадукцыю, я разгарнуў яе перад сабою на ўсю шырыню.
У гэты момант глухая пакаёўка, пані Марцэля, ішла нечага калідорам. Яна пабачыла непарадак: няшчыльна прычыненыя дзверы ў князеўскі кабінет. Падышла да іх і бачыць, - так яна апавядала пасля:
- Сядзіць у крэсле сваім нябожчык-князь і гартае старонкі ў кнізе, чытае яе.
Пакаёўка крыкнула немым голасам і самлела. У палацы, у дальніх пакоях, пачаўся стукат-грукат. Гэта - ішла дапамога. Нам не было чаго чакаць далей. Мы выскачылі ў калідор, аж чуем - у зале ўжо ходзяць людзі, набліжаюцца да нас.
Дзе ж нам ратавацца? Замітусіўшыся ў калідоры, мы пабачылі ў самым канцы яго жалезную вінтавую лесвіцу, якая вяла на гарышча палаца. Узбеглі мы па гэтай лесвіцы так хутка, што проста дзіва. Там зачынілі за сабою жалезныя дзверцы і пачалі думу думаць: што рабіць? Унізе - грукат, стукат і беганіна не спыняліся доўга. Чулі мы і словы:
- Доктара! Паклічце доктара!
Глянем у акенца - высока, ні саскочыць, ні злезці нельга, немагчыма. Так і сядзелі мы да самага цямна. Тады толькі павылазілі са свайго сховішча, на пальчыках прайшлі зноў калідорам, праз залу і, урэшце, дыхнулі свежым паветрам: саскочылі з балкона на зямлю...
Трэба сказаць, што доктар, - бацька двух нашых сяброў, - пакліканы на дапамогу да хворай, вельмі хутка зразумеў, якія тут здані вандравалі. Зазірнуўшы ў князеў кабінет, ён пабачыў на пыльнай падлозе сляды дзіцячых ног.
Дома наша мама таксама ўстрывожана пыталася:
- Дзе ж вы былі так доўга?
Мы адказвалі:
- У рыбу хадзілі...
- А дзе вашая рыба?
- Ды кепска бралася...
Здагадаўся яшчэ аб усім стары кухар Кароль. Бываючы ў нас, ён некалькі разоў паўтараў:
- Цяпер старую цяцеру Марцэлю кіем не загоніш ў той калідор. Прыходзь хто хочаш і чытай супакойна кнігі.
Гэта ён нібыта заахвочваў нас паўтарыць свой візіт. Але мы больш не хадзілі ў палац. Самі мы напалохаліся не горш за Марцэлю...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Цяпер, бачачы, як людзі з кватэр выкідаюць у смецце або аддаюць у макулатуру добрыя кнігі, часопісы, бо яны сапраўды замінаюць, я аж сумаваць пачынаю. Мне ўспамінаецца адразу маё першае знаёмства з кнігай, павага да якой засталася на ўсё жыццё.