З бацькам

Бацька мой, калі б я ў яго пра што ні пытаўся, ніколі не адмаўляўся даць адказ. Магчыма, таму, што пытанні мае былі простыя, нескладаныя.

Асабліва багата пытанняў я даваў яму, калі мы з ім бывалі ў лесе ці на балоце. Пытаўся я тут пра ўсё: пра жыццё звяркоў і птушак, пра паасобныя расліны, пра тое, якую яны людзям прыносяць карысць. Сам ён, не чакаючы маіх пытанняў, паказваў шкодныя расліны, папярэджваў не чапаць іх рукамі, не есці ніколі. Нягледзячы на тое, што я параўнаўча быў малы, бацькавы тлумачэнні засталіся ў маёй памяці да сённяшняга дня. Чытаючы ў пазнейшыя гады навуковыя, спецыяльныя творы, я знаходзіў, зразумела, непараўнана больш грунтоўныя тлумачэнні, але самы асноўны сэнс мне быў вядомы. Вось некалькі прыкладаў.

Ідзём мы і бачым штабель сасновых бярвенняў. Па бярвенні ходзяць местачковыя козы і абдзіраюць падкоркавы слой, кашульку белага колеру, ды са смакам ядуць яе. Я пытаюся, няўжо яны галодныя, што ядуць дрэва. Бацька мне тлумачыць, што ў галодныя гады людзі адмыслова нарыхтоўвалі гэты падкоркавы слой сасны, сушылі, таўклі або малолі і выпякалі з яго хлеб. І хлеб не такі ўжо кепскі і водар дужа прыемны. Пазней я прачытаў, што з гэтага матэрыялу ў заводскім маштабе пачалі здабываць... ванілін. Вось адкуль той водар!

Ідзём мы праз балота. Бачым - стрэлкаліст. Не паленаваўся бацька, дастаў пару раслін, паказаў мне корань, а на ім - як невялічкія бульбінкі, велічынёй з лясны арэх.

- Пакаштуй, - кажа бацька. - Гэтыя бульбінкі можна есці нават сырыя...

Чытаю шмат пасля, што па-за межамі нашай краіны некаторыя народы да сённяшняга дня выкарыстоўваюць гэты караняплод у сваім меню, сушаць яго, нарыхтоўваюць рознымі спосабамі для зімы... І багата, багата каштоўных раслін, дзікарослых, паказваў мне мой бацька... Яго тлумачэнні не былі вынікам якой-небудзь ягонай асабістай мудрасці. Яны былі вынікам вопыту папярэдніх пакаленняў нашага народа, шматгадовых назіранняў, вынікам дасягненняў, да якіх наш народ прыходзіў вобмацкам у цяжкія перыяды свайго жыцця.


Загрузка...