Адуванчык вялізны — сонца
Вырастае з прыціхлай ракі.
Зараз дзьмухне вецер спрасонку —
Пырснуць промні ва ўсе бакі.
Туманы, як мядзведзі калматыя,
Дапаўзаюць да лесу крадком,
За нямытай, заспанаю хатай
Аб даёнку цурчыць малако.
А зямля так даверліва, проста
У сваім харастве паўстае,
Што здымаю з ног «шпількі» вострыя:
Незнарок не ўкалоць бы яе...