Над зямлёй — спелых яблык духмяны разліў.
Мне б упасці, уткнуўшыся тварам у жоўтае лісце.
Вочы поўніць пяшчота да гэтай зямлі,
Вусны поўніць прага да гэтай зямлі,
Сто разоў расстралянай і тысячу збітай калісьці.
Навісалі касцёлы над ёй, нібы груганы.
Выразалі, як хлеба акраец, яе з Беларусі,
I тапталі не раз і свае, і чужыя паны,
Каб забыць сваё слова, свой гонар і славу прымусіць.
А яна, непакорная, ўсё паднімалася зноў,
Галавы не схіляючы перад чужынцам ніколі,
I расціла, і ўкладвала ў душы сыноў
Сваю прагу да шчасця, да лепшае долі.