* * *


Веру чамусьці —

той, хто жыў на зямлі,

Зноў на яе ў другім абліччы прыходзіць.

Помніш? За рукі ўзяўшыся, мы ішлі

Яшчэ ў нейкім далёкім стагоддзі.

Быў маладзік чырвоны, як кропля крыві,

Горка пахла навокал палынам і дымам.

Я ўсё паўтарала: «Застанься жывы,

Застанься жывы, любімы».

Колькі я памятаю, нам не хапала жыцця,

За табой ападала бязгучным ценем,

Бо і зараз ідзе па маю зямлю як працяг

Кожнае новае, прагнае пакаленне.

Разбіваецца ўшчэнт. Бязлітасна зноў ідзе.

Абрывае каханне на самым высокім акордзе.

Недапетая песня, водбліск даўнішніх надзей,

Я табе сустракаюся ў кожным новым стагоддзі.

Загрузка...