* * *


Загарэлыя, вясёлыя,

Чорным морам наскрозь прасалёныя,

Вечарамі танцуем твісты і ча-ча-ча.

А па начах

Прыходзіць роздум і канчаюцца сны.

На досвітку ад хваляў гудзяць валуны.

Адна на пляжы медуз палохаю,

Што ў вадзе застылі, як шкло.

...Мараю светлаю і далёкаю

Усё жыццё ты, мора, было

Для вясковага дзеўчаняці —

Маёй маці.

Уздымалі яе арэлі

Вышэй за вясковыя стрэхі,

I, ніколі марскіх не бачыўшы хваляў,

Чамусьці на мору яна сумавала.

Была б ты зараз, мама, жывая...

Мне ж мора цудаў не адкрывае.

Можа, лічыць, што сэрца ў мяне раўнадушнае?

А можа, так яно і сапраўды?

Хаджу штодзень я каля паэзіі,

А лічу, што іду ля салёнай вады.

Што за казку хацела ты ў мора пачуць?

Я паслухаць яе так хачу.

Хаджу да мора, у здагадках нямею,

А слухаць яшчэ не умею...

Загрузка...