* * *


Жыла адна сярод людзей,

Адна з дзяцінства самага,

I найвялікшая з надзей —

Кагосьці клікнуць мамаю.

У горкі час, калі сама

Рашыць не можаш нечага,

Не прынімала я дарма

Спагады чалавечае.

Чужой баялася рукі,

Няшчырасці, нявернасці.

Ішла ў юнацтва напрасткі

Праз хмызнякі і верасы.

I вось каханаму кажу —

Нядобрая, няроўная:

«Даруй. Не за сябе прашу,

Прашу за ўсіх сябровак я».

Даруйце, суджаныя, нас

За ўсё, што часам робіцца.

Яшчэ пакрыўдзімся не раз,

Як здасца вам, з-за дробязі,

Што мы дасюль яшчэ дзічкі,

Галінкі паламаныя,

Што адарыла нас вайна

Адной на трыццаць мамаю.

Загрузка...