Што такое каханне? Цяжка мне
На пытанне адказваць гэтае.
Кожнай жылкай сваёй цягнешся
Да вачэй яго, сонцам сагрэтых.
Сэрца сціснута ў камень балючы,
А ідзеш да яго вясёлая,
Злыя плёткі, як дрот калючы,
Разарваўшы рукамі голымі.
I надзею згубіўшы зыбкую,
Ад тупога адчаю старэючы,
Назаўжды з ім аднойчы разыдзешся,
Дараваць яму не смеючы...