* * *


Князёўнаю Полацкаю пачаты,

Той шлях па гісторыі — тонкая нітка.

Ішлі беларускія нашы дзяўчаты

Па мудрасць, па веды, нібы па здабытак.

Здаралася гэта не часта, не часта:

Фаліянты старыя, прымоўклыя важна,

Як скарб, дзе не сем, а паўсотні пячатак,

Дзявочыя рукі трымалі адважна.

Праз зайздрасць, праз плёткі, праз гора — трымалі!

Адна адной праз гады аддавалі.

I ўпляталіся галасы іх няскорапыя

У тваю, Беларусь, гісторыю.

Скупыя імёны — за вамі — здзекі,

Сухоты заўчасныя, горкая праца.

...Ідзе студэнтачка маладзенькая,

На «ты» размаўляе з Гарацыем.

Як прагна ў яе ўглядаюцца тыя,

Зарана памёршыя, маладыя!

Дзяўчаты тыя, што на Купалле,

Апякаючы сэрца, кветку шукалі.

Загрузка...