* * *


Калі да цёмных вокнаў поўнач туліцца

I капяжы змаўкаюць каля хат,

Зноў пачынаюць гродзенскія вуліцы

Нячутна закаханых калыхаць.

Вядуць туды, дзе ліпы адубелыя

Страсаюць ў Нёман кропкі з мокрых рук,

Дзе моцна красавіцкай ноччу белаю

Кахання словы за душу бяруць.

Дзе рэха гулкае, нібы ў калодзежы,

Дзе мяккі плёс, як летняя трава,

Дзе сны на золку ранішнім Каложа,

Як птушак, выпускае з рукава.

Дзе, казкамі-легендамі павітая,

Расце, здаецца, сіла пачуцця,

Дзе Нёман — быццам сіняя арбіта

Не аднаго юнацкага жыцця.

Загрузка...