О Аэліта, ты мая саперніца.
Калісьці, абагнаўшы часу бег,
Каханы мой дадому з Марса вернецца,
Адчайна засумуе па табе.
Сцюдзёна вусны мае апаліць студзень,
Загарам шчокі жнівень абпячэ,
А ён у сне гадамі бачыць будзе,
Нібыта казку, сінь тваіх вачэй.
А я ў расстанні смутак свой стрымаю,
Тугой касою рукі абаўю.
Пакіне дом наш песня незямная,
Што марсіянкі па начах пяюць.
І ўсё ж аднойчы з далечы вялікай,
Мне сэрца працінаючы наскрозь,
Раздасца раптам голас Аэліты,
I, пабялелы, страпянецца Лось...