Не гавары, што стала я няветлівай,
Адсюль з табой паехаць не прасі:
Мяне з дзяцінства радасна-даверліва
Зачаравала нёманская сінь.
Тут адплывала ўпершыню ад берага,
Як едзе ў кругасветны рэйс матрос.
Тут столькі раз Калумбавай Амерыкай
Здаваўся звонкі супрацьлеглы плёс!
Я тут была то хваляю капрызнаю,
То светлай кропляй, рыбкай ў глыбіні,
I мой характар, ўпарты і няўрымслівы,
З сабой навечна Нёман парадніў.
Не гавары, што стала я няветлівай,
Адсюль з табой паехаць не прасі:
Мяне з дзяцінства радасна-даверліва
Зачаравала нёманская сінь.