ЖНІВЕНЬСКАЙ НОЧЧУ

Памяці Антона Савіцкага, першага сакратара камсамольскай арганіза-цыі Забалацкага сельсавета, і забіта-га бандэраўцамі ў 1948 г.

Жнівеньскія ночы — трывожныя, зорныя,

Пахнуць косы дзяўчат вадою азёрнаю,

I матулі шчыльней зачыняюць дзверы,

Пахне аерам...

Чаму ж ты хлапчыну гэтага, ноч, не ўберагла?

Пад ім зямля папалам з крывёй ліпкая, як смала,

I неба, перад світаннем шэрае, кружыцца ў вачах,

I цені, чорныя цені, здаецца, нешта крычаць.

Ды не, не крычаць — баяцца

ружовай раніцы цені.

«Падыміце яго,— гавораць, — пастаўце яго на калені.

Хай перад смерцю памоліцца камсамолец».

У садах вільготныя яблыкі, шызыя ад расы,

Пахнуць мятай і верасам у дзяўчат валасы.

Праз гады я ім, семнаццацігадовым, крычу

Кожнай жылкай сваёй: «Па-мі-раць не ха-чу-у!»

Толькі не — не крычу — ён тады ж не крычаў.

Адбіваўся світанак у сініх вачах.

I ў паветры апошняе слова дрыжыць:

«Я памру, але будзе улада савецкая жыць».

Загрузка...