СУСТРЭЧА


Не за табою няўцямна кідаюся.

Мне ж не патрэбна ніякіх прыгод.

Бягу за лодкай у чаромхавых зараслях,

Што плыве праз мой семнаццаты год.

Ты там цалаваўся са смешнай дзяўчынкай,

I ў белай сукенцы, у нейкім вянку,—

Што тады была гэткаю чыстай і шчырай,

Як не быць ёй ужо на сваім вяку.

Рэдка збоку сябе, пасталеўшы, бачым мы.

Па жыццю лягчэй бяздумна прайсці.

Адплываюць гады, як лодка рыбачая,

3 тым, што спраўдзіць хацелася ў жыцці.

...Не за табою няўцямна кідаюся.

Жыццё, тую хвілю на момант вярні!

Сустрэцца б з дзяўчынкай у чаромхавых зараслях,

Павучыцца ў яе чысціні...

Загрузка...