Манускрыпт называецца
«Кнігаю сноў».
Куфічная вязь
на пэргаміне з скуры газэлі
дае падрабязныя інструкцыі,
як абвесьці вакол пальца
сьмерць,
хітрамудра падмяніўшы яе сном,
і
прачнуцца ў іншым часе
не крыклівым немаўлёнкам,
а самім сабою.
Кнігу не ўпільнавалі
манахі Сынайскага манастыра,
дзе хапала цікаўных пілігрымаў,
што хацелі падстрахавацца
яшчэ і зямной неўміручасьцю.
Радасьць выкрадальнікаў
была кароткая, як песенька сініцы:
рукапіс ня меў
апошняе старонкі,
зашыфраванага рэцэпту
вяртаньня ў свой час —
да зябкай дзяцеліны
з халоднымі ад расы антонаўкамі,
да вожыка,
што зімуе пад старым клёнам,
саграваючы сад
сваім кволым цяплом,
да лябірынтаў чарнавікоў,
сьпярэшчаных вусатымі выявамі
круглашчокіх каціных пысак.
Як проста зрабіцца неўміручым,
калі ня трэба вяртацца
да тонкіх промнікаў
вакол даверлівых вачэй
колеру прыдзьвінскага лёну —
цёплых павучынак,
якія аднойчы
пругка спынілі
тваё матыльковае лётаньне.
Гэтую гісторыю я пачуў,
чакаючы астатні цягнік
на канцавой станцыі мэтро,
ад старога габрэя з сумнымі вачыма,
які застаўся стаяць
на пустым пэроне.