Надзейны смак маміных смочак
ля вакна зь відам на
ператвораны ў вар’ятню
кляштар францысканаў,
смак вады дзьвінскае лукавіны,
якая рыхтавала мне
цёплае месца сярод сваіх
тапельцаў,
ледзянцовы смак вуснаў
юнай распусьніцы
пад перакуленым у вербалозе
чоўнам,
смак першага глытку
схаванай бабулінай самагонкі,
горды смак крыві
з разьбітых у бойцы
з зарэчнай шпаною
кулакоў,
гаючы смак ветру,
адной зь нешматлікіх,
як зазначыў калега Камю,
чыстых рэчаў,
марскі смак жаночага лона,
смак бясконцасьці,
што кладзецца на вусны
ў зімовыя месяцавыя ночы...
А з будучыні
ўжо ляціць насустрач
тая,
чый пацалунак,
як вясёлка над жыцьцём,
тоіць у сабе
ўсе знаёмыя і нязьведаныя
смакі зь іх адценьнямі,
тая,
якой вядомыя ўсе мае шляхі й сховы,
тая,
што кожную хвілю гатовая
грацыёзна апусьціцца
на маё плячо.