Божая кароўка зь Пятай авэню


На спатканьне з табой

мяне прывяла

бэтонная сьпіраль

нью-ёрскага музэю Гугэнхайма

і 2-я вэрсія Імправізацыі № 28

Васіля Кандзінскага

разам з «Парыжам» Марка Шагала,

чый зеленавокі кот з чалавечым тварам

глянуў на мяне так выразна,

што я даў зарок

убачыць Эйфэлеву вежу з вакна

раней, чым за свае грахі

вярнуся на зямлю

ў іпастасі ката —

якраз тады ты апусьцілася на маю руку,

каб упэўнена залезьці

ў левую кішэню.

Кім была

ў сваім мінулым увасабленьні

ты?

Паслушкай

Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра?

Першаклясьніцай зь Серабранкі,

замучанай у ліфце

сэксуальным маньякам?

А можа,

у цябе перасялілася

душа маёй сучасьніцы,

якая жыве зараз

паводле менскага часу

і якой

апошні тралейбус

вязе зь дзяцінства

сон пра старую Нямігу

і пра Татарскія Агароды?

У душным сабвэі

я даю табе

беларускае імя,

а на беразе Іст-Рывэр

мы разам глядзім

на лёгкія самалёцікі,

што цягаюць па небе

рэкляму конкурсу фотамадэляў.

Магчыма, ты хочаш

палётаць зь імі?

Не, табе яўна цікавей

абмеркаваць са мною

модныя сёньня

беларуска-ірляндзкія аналёгіі,

абвінавачаньні прэзыдэнта Клінтана

ў адультэры,

а таксама

фантасмагарычны помнік Леніну,

што, ратуючыся ад настальгіі,

усьцягнулі на дах суседняга дому

эмігранты з СССР.

Менавіта тут я нарэшце разумею:

я — ня тая расьліна,

што прымецца на гэтай глебе,

нават калі перавезьці сюды

ўсіх ленінаў Беларусі

і зладзіць на кожным

па бусьлянцы.

Пасадзіўшы цябе на далонь,

я паўтараю гэтае адкрыцьцё ўголас,

і ты,

паважна выслухаўшы,

супакоена раскрываеш крылцы.

Загрузка...