Поплаў


Сярод высокай травы і красак

вядзе мяне бабуля

па поплаве.

Гэта смолкі,

паказвае яна.

А гэта зязюльчыны сьлёзкі.

А вось гэта — ястрэц.

А ў той кветкі няма назвы,

бо яна —

кветка твайго лесу і

ты сам назавеш яе,

калі вырасьцеш.

Гуляе па поплаве вецер.

Боязна мне:

а раптам,

пакуль вырасту,

скосяць кветку і не пасьпею

даць ёй найменьня?

Маўчыць бабуля.

Мацнее вецер.

Стаю самотны

на сенажаці.

Фаўна сноў

Чародка бялявых анёлаў

з нафарбаванымі вуснамі

над горадам зь сярэднявечнае гравюры,

які ўтульна паколвае аблокі

цацачнымі сьпічакамі;

лагодны сабака Рэкс,

які мэлянхалічна дажоўвае

зайчыка Колю,

што жыў у мяне ў тыя часы,

калі я сам быў яшчэ неўміручы;

знаёмы рыжы пітэкантрап

з-пад вокладкі мамінага падручніка гісторыі,

які ў дзяцінстве прымарожваў мяне

позіркам да падлогі,

а цяпер асвоіў шахматы

(я толькі баюся,

каб ты падчас партыі не зайшла ў пакой, бо

майму партнэру бракуе шляхетнасьці);

ружовая вужака

з смарагдавай каронаю на галаве

ў басэйне, куды дае нырца

ў гарнітуры і пад гальштукам

нецьвярозы тутэйшы паэт Анатоль,

падобны з твару да Гіёма Апалінэра;

падобны да самога сябе

цьвярозы празаік Адам,

зь якім мы ў 1863 годзе

бязьлітасна судзім

у налібоцкай лесьнічоўцы

зарослага рудым шчаціньнем

маскоўскага выведніка,

а ён,

апэлюючы да міжнароднае практыкі,

патрабуе выкананьня апошняе просьбы —

зьесьці бляшанку кілек у тамаце,

якую я хачу зьесьці сам, і ў выніку

лесьнічоўку атачае рымская цэнтурыя,

што ваюе з інсургентамі на баку Аляксандра II;

ты на сонечным плыткаводзьдзі

з схіленым над табою маім тварам,

адбітым у пералівістай плыні, —

ласкавыя ўгаворы не палохацца зялёных шчупакоў,

што ленавата казычуць

твае цалаваныя ступачкі,

пакуль мы любім адно аднаго ў цёплай вадзе,

узгадваючы формулу Гэракліта,

якую я ўдасканальваю тваім імем;

драўляныя статуі сьвятых апосталаў Пятра і Паўла,

якія гавораць на дзесяці мовах

(у тым ліку і па-кітайску)

у багатай віле з кандыцыянэрамі

і тэрасаю над самым морам,

зь якой можна назіраць, як,

чапляючыся за выступы скалаў

і

раз-пораз абрываючыся ў ваду,

узахапы караскаюцца ўгору

дзясяткі два айчынных паэтаў;

ты ў чырвоным арктычным пухавіку,

пад якім па чарзе адтайваюць

паміж тваіх дваццацігадовых грудак

пакрытыя шэраньню лебедзі,

знойдзеныя намі сярод ільдзін і сумётаў

горнай цясьніны

(ты сьцьвярджаеш, што гэта балівійскія Анды);

канцлер Вялікага Княства Літоўскага

Леў Сапега,

што заклапочана зашпільвае сіні жупан,

выходзячы з XVI стагодзьдзя

праз маю прыбіральню;

ты за рэстаранным столікам

з кучаравым нубійцам,

ахутаная мэнтолавай смугою цыгарэтаў «Salem»;

Вэнэра Ільская

з маёй падлеткавай галюцынацыі

ў пустой кватэры а палове пятай раніцы

з пагрозьлівым надпісам «Cave amantem»*

на масянжовым цокалі;

жаўтатвары Акутагава,

падобны да віетнамскага студэнта

з інтэрнату нашае маладосьці,

з рукапісам «Жыцьця ідыёта» пад пахаю і —

чапурысты, як травеньскі грак,

Карл Густаў Юнг

з трактатам «Wandlungen und Symbole

der Libido»**

з кухлямі ў меру разбаўленага піва

каля жоўтае бочкі

на вуліцы Стралецкай у Полацку,

дзе мы пасьпелі зь імі шчасьліва разьмінуцца;

мы з табою на пляцы Гішпаніі ў Рыме —

ты ў серабрыстай сукенцы-трыко з «маланкаю»

ад утульнай ямінкі на шыі

да схаванага пад срэбрам

пушыстага трохкутнічка;

ты ў мяне на каленях

на каменнай лавачцы пад ніцай вярбою

каля выпаленага сонцам

антычнага калюмбарыю;

мінакі,

народжаныя да і пасьля Хрыстовага нараджэньня;

жанчына з тэракотавай амфарай на плячы,

якую мы аклікнулі, каб

выпіць па шклянцы лямбрускі

перад тым, як твая «маланка»

апячэ мне пальцы абяцаньнем новых тайніц,

нязьведаных за тысячы нашых блізкасьцяў

на беразе стагодзьдзя,

чые астатнія гады

адплываюць у невараць

крохкімі крыгамі,

па якіх

мы

з табою

спрабуем,

трымаючыся за рукі,

перабрацца

на той бок.

(Першы дотык зьмяшае вымярэньні й эпохі,

дзе мы існуем

ва ўсіх ранейшых і будучых увасабленьнях;

слодыч абуджэньня пацьвердзіць:

мы з той самай матэрыі, што і нашыя сны.)

Калі сёньня ты не прысьнісься мне,

я сам папоўню фаўну тваіх сноў

сваёй сарамяжлівай сумотаю

з пахам канваліяў,

сваёй негаваркой пяшчотнасьцю

з пахам язьміну,

сваімі бессаромнымі вуснамі

з гаркавым пахам рамонкаў.

Я згодны нават на тое, каб

мы з табою прысьніліся некаму трэцяму —

хай паўторыцца

той бязгрэшны сон,

дзе мы сядзім на даху нью-ёрскага хмарачоса

і,

боўтаючы над безданьню босымі нагамі,

успамінаем:

калі ты сьнілася мне,

калі сном быў я сам.

* Сьцеражыся той, што цябе пакахае (лац.).

** «Мэтамарфозы і сымбалі лібіда» (ням.)

Загрузка...