Абдымаючы цябе


Абдымаючы цябе,

я думаю

пра ненапісаны раман,

густыя зарасьнікі чарнавікоў,

таленавітыя ножкі

знаёмай карэктаркі,

якая пазнала сябе

ў адной з гераіняў...

Абдымаючы цябе,

я згадваю

лілеі

на возеры Люхава пад Полацкам,

свае адлюстраваньні

ў парыскіх лужынах,

кавярню з адзіным сталом

у каталёнскай вёсцы,

дзе Сальвадор Далі праездам

пазбавіў нявіннасьці

юную пастушку...

Абдымаючы цябе,

я смакую

густое каліфарнійскае віно,

палахлівую пэрлінку

твайго ўлоньня,

Міжземнае мора

ў Барсэлёне й пад Фамагустаю,

дзе Атэла душыў Дэздэмону...

Абдымаючы цябе,

я заўсёды ўяўляю

іншых жанчын —

тое, як буду

абдымаць іх,

і ўсё астатняе,

што малюе

мая цыганская

фантазія...

Але — вось дзіва! —

абдымаючы іншых жанчын,

я ніколі

не ўспамінаю

Сальвадора Далі,

ня думаю пра

карэктуры і карэктарак,

не смакую

пяшчотных ракавінак

і не ўяўляю

іншых жанчын.

Абдымаючы іншых жанчын,

я думаю толькі пра тое,

каб хутчэй усё скончылася —

каб зноў абняць

цябе.

Загрузка...