Дзіўнае сутоньне
трывае над гэтым абшарам:
ці то сьвітанак,
але сонца позьніцца,
ці то вечар,
ды ніяк ноч не апусьціцца.
Стаімо ў сутоньні на ўзгорку —
ня можам разгледзецца,
што там унізе:
постаці людзей,
што ідуць на галасы нашы,
ці проста
слупкі ядлоўцу?
Запалім вогнішча,
пакуль зусім не сьцямнела,
кажа адзін з нас,
і прыцемкі гусьцеюць.
Зараз сонца падымецца,
кажа другі,
і неба на ўсходзе сьвятлее.
Стаімо на ўзгорку,
чакаючы раніцы
або ночы,
а сутоньне ўсё доўжыцца,
і тыя з нас,
што сышлі долу,
самі ператварыліся
ці то ў туманныя постаці,
ці то ў ядловец.
Стаімо ў сутоньні на ўзгорку,
і ўжо боязна нам
зірнуць
адзін на аднаго.