У старадаўнім парку
графаў Ельскіх
у апошнюю нядзелю кастрычніка
я сустрэў ліпу,
якая насамрэч
была зусім ня дрэвам,
а дыярыюшам
яшчэ аднаго нашага году
з дакладнай колькасьцю
падлічаных ветрам лісьцяў,
на авэрсах якіх
зьнікалі
ў замкнёным тунэлі
празрыстага даўкага часу
нашы закадзіраваныя
ў залацістых эпітэліях
дні —
дзень,
калі мы адкрылі ў мяне
рабацінку,
ўрачыста прысвоіўшы ёй
інтымнае імя,
як астраномы даюць імёны
невядомым зоркам;
дзень,
калі я зразумеў,
чаму лётаюць
Шагалавы закаханыя
(разгадку шукайце
ў анамаліях
віцебскага рэльефу);
дзень,
калі ты не пасьпела
адбараніцца ад мяне
ў паганскіх полацкіх лугах,
густа населеных
сылюрыйскімі кузуркамі,
якія...
Вохрыстыя рэвэрсы
прысьвячаліся нашым начам
і таму
занадта часта
заставаліся цнатлівымі,
нібы стос паперы
на стале ў памерлага ўвосень
паэта
з мухай-тапельніцай
у яго астатнім келіху,
аднак узгадай:
там занатаваныя
ноч,
калі мы любіліся
на зэбрастым мангальф’еры,
што ледзьве пасьпеў узьляцець
над расчараваным натоўпам гледачоў;
ноч,
па-над якою
вырабляў рызыкоўныя піруэты
двухмясцовы самалёцік,
здатны на доўгія бесьперасадачныя
рэйсы
ў экзатычныя краіны
паблізу тропікаў
Раку і Казярогу;
ноч,
калі ты сьвяцілася на прасьцінах
роўным матавым сьвятлом
вялікага цёплага сьветлячка
з падфарбаванымі віном
жаночымі вусікамі,
якія...
Сутоньвалася,
і пажоўклай чародкаю
раставалі ў часе
нашы непражытыя дні —
у горадзе,
дзе заўсёды цьвітуць каштаны,
а раку вартуюць
лятучыя патрулі
грудастых шэрых чапляў;
на высьпе
з антычным радаводам,
запісаным
у храмах Афрадыты Кіпрыды
мінойскімі пісьмёнамі;
на гістарычнай радзіме
качканосаў і кенгуру,
якіх мы будзем гадаваць
на ўласнай фэрме
ў ваколіцах Сыднэю,
слухаючы вечарамі музыку,
якая ўжо гучыць
у старадаўнім парку
графаў Ельскіх
у апошнюю нядзелю
кастрычніка.