Азярына


Кідаю каменьчыкі

ў азярыну.

Кладуцца на жоўты жвір

адны.

Заміраюць на паўдарозе

зеленаватымі рыбінкамі

другія.

Адплываюць лёгкімі чоўнікамі

трэція.

Тыя, што леглі на дно,

ператворацца па часе

ў зеленаватых рыбак.

Тыя, што былі рыбамі,

лягуць, акамянеўшы,

на дно.

Узьляцяць белымі птушкамі

лёгкія чоўнікі.

Кідаю каменьчыкі

ў азярыну.

У кожнага — сваё імя.

Загрузка...