Колы,
стамлёныя яшчэ ў мінулым стагодзьдзі,
наракаюць на лёс
срэбнай ад пылу кібітцы
з трыма нажавымі ранамі.
Вецер
прыносіць зь зялёных яроў
насьцярожаныя пахі чужога жыцьця,
узброеныя адглянсаванымі кіпцюрамі.
Агонь
згаладала смажыць мяса,
узятае ў бестэрміновы крэдыт
у вечаровай вёсцы
зь ненадзейнай аховаю зь сініх мальваў.
Віно
хвалюецца ў біклазе,
альтруістычна дакляруючы цёплую ноч.
Жанчыны
бязважка заміраюць
у карункавых пярынах папараці,
што да першых прымаразкаў памятае
іх салодкія стогны.
Матылькі-аднадзёнкі
лянуюцца падымацца з красак,
якія я зьбіраю
сваім аднадзёнкам-абраньніцам.
Мужчыны
сноўдаюць па ўзьлеску з стрэльбамі,
упэўненыя, што мае жанчыны
належаць ім.
Няхай у табары застаўся я адзін,
але
ластаўкі
яшчэ садзяцца
мне на плечы.