Твой драмадэр
мэлянхалічна жуе
схопленую плюшавымі вуснамі
калючку,
старанна робячы выгляд,
быццам спрабуе здагнаць
чырвоны дынар сонца,
што коціцца
за клясычныя барханы,
з-за якіх выходзіць
шакалядавы маладзён
з тузінам піва
ў памаранчавым вядзерцы.
За рахманы нораў
твайго драмадэра завуць
проста кемаль,
а ў перакладзе —
вярблюд,
але ты ўсё адно
глыбока паважаеш яго, бо
пах ягонае мачы
адпужвае вужак і скарпіёнаў.
Наперадзе горад Эль-Флявуар
(у гэтых мясьцінах
любое паселішча
лічыцца горадам):
пяцьсот жыхароў
склікае муэдзін
і прыкладна столькі ж
ляжаць у пытляваным пяску,
навечна павернутыя
спакойнымі тварамі
ў бок Мэкі.
Вока адпачывае
ад кірыліцы і лацінкі,
бэтонны сьфінкс у паранджы
працуе вартаўніком
трохзоркавага гатэлю,
а значыць,
цудадзейная мача
сёньня не спатрэбіцца
і парт’е атрымае шанец
развучыць «калі ласка»
і «дабранач»,
што ніколі ў жыцьці
яму не прыдасца.
Код Беларусі — 375,
і ты маеш
выдатную магчымасьць
у тэлеграфным стылі
паведаміць у мікрафон,
што цябе занесла ў Туніс,
у Сахару,
у тую кропку,
дзе абрываюцца дарогі
і разгортваецца прастора,
населеная толькі міражамі,
крылатымі вярблюдамі
і бляндзіністымі шакаламі
з рубінавымі вачыма.
Парт’е таксама аматар
далёкіх вандровак
і ў жніўні
гуляў зь белай жанчынаю
па Парыжы,
дзе і ты калі-небудзь
будзеш бадзяцца па кавярнях —
адзін ці з чорнай сяброўкаю,
але пакуль што
табе хочацца выйсьці з гатэлю
і расьцягнуцца на цёплым пяску,
павярнуўшыся тварам
да краіны,
у паломніцтва да якой
ператвараецца тваё кожнае падарожжа,
хоць ты патрэбны ёй ня болей,
чым патрэбны зараз
пільным сахарскім скарпіёнам
пад гэтым атрамантавым небам,
засьмечаным цьмянымі сузор’ямі
і чародамі
крылатых вярблюдаў.