Раніца 29 сакавіка 1994 году


Гарбата з малаком

пасьля ўчарашняга пітва,

якое, кажуць, ганараваў

яго зямляк Робэрт Бэрнз

(ягоныя вершы, прызнайся,

падабаюцца табе меней

за яго ўлюбёны напой),

здаецца слабаватаю.

«The Guardian» паведамляе:

учора ў Парыжы памёр Эжэн Ёнэска,

кароль абсурду,

які

разам з двухгадовай ахвяраю

тамтэйшых пэдафілаў

рахмана глядзіць на цябе з газэтнае паласы,

зьняты на асноведзі сьцяны

з партрэтам насарога ў натуральны памер.

З кухоннай форткі

бліскае бурштынавым вокам

садовая вавёрка,

што сьцягнула з стала

востры кавалачак

белага шакаляду з арэхамі.

Такія вавёркі ўжо ня ўмеюць

скакаць з дрэва на дрэва —

перабягаюць ад яблыні да яблыні

па прысоленай градам селязінавай траве,

падобныя да пацяжэлых цыркавых гімнастак

у адстаўцы,

якіх калісьці любілі капітаны й маёры

паветраных сілаў Яе Вялікасьці.

Ты раптам успамінаеш,

колькі табе споўнілася летась.

Загрузка...