У вазе на тваім стале,
схаваўшыся ў букеце
леташніх сухацьветаў,
сьпіць жнівеньская сьпёка,
якой сьніцца
кранутая лёгкім загарам,
стамлёная сонцам і любоўю
цеплакроўная рыбіна,
што лена варушыць
ружовымі плаўнікамі
ў смарагдавай сьвежасьці
падводнага лесу,
які ўзгадаецца раптам
на вышыні 35 000 футаў
над пашытай
з брунатных і зялёных лапікаў
вясковай коўдраю
Шатляндыі.