Вяртаньне ў Менск


Дзьве магілы

на зялёнай высьпе

праваруч шашы:

татаў

і мамін помнікі

з шасьціканцовымі крыжамі.

(Беларускай мовы

на могілках

прыкладна столькі ж,

як і за іх агароджай.)

Бельчыцы

з рэзыдэнцыяй полацкіх князёў

і лёхамі на той бок Дзьвіны,

бітком набітымі

гістарычнымі сюжэтамі.

Лепельскае возера,

дзе ў сярэднявеччы

жыў беларускі кузэн

лох-нэскае пачвары,

што здабываў сабе дэсэрт,

перакульваючы чаўны

з грамадзянамі

Вялікага Княства Літоўскага,

а калі спруцянеў,

смурод,

сьцьвярджаюць аўтары хронік,

моршчыў славянскія насы

ажно на Валовай азярыне

ў Полацку.

Абалона Бярэзіны

з чапурыстымі стажкамі,

аднаму зь якіх я неяк даверыў

сваю таямніцу.

У прыдарожных бярэзьніках

ужо прачнулася

бэзавая здань вясны,

зь якой душа хацела б правесьці

ўік-энд.

(Англіцызм —

вынік дачытаных

у ваколіцах Бягомлю

камэнтароў

да васямнаццатага эпізоду

«Уліса»:

месца дзеяньня —

пасьцель Молі Блюм,

ірляндзкай мадам Бавары,

дакладней — яе сонная сьвядомасьць;

час дзеяньня —

адзінаццатая гадзіна вечара,

а магчыма, —

вечнасьць.

У руках Джойса

на фатаздымку

таксама чытаецца

яго неадчэпнае пытаньне

пра душэўную хваробу

дачкі

ў якасьці пакараньня за «Уліса».)

Прызнаньне сястры,

што апошнім часам

яна ўсё пільней

глядзіць на вуліцы

на старых жанчын.

Магіла сябра

(таксама праваруч шашы),

які аднаўляў

Сафійку і Богаяўленскі сабор

і памёр,

чытаючы Караткевіча,

хоць больш любіў

Унамуна й Басё.

Лагойскія пагоркі,

за якімі пачынаецца

зона ўпэўненага прыёму

тваіх флюідаў.

Аўтобус

пасьпяхова пераадольвае

першую лінію

менскіх умацаваньняў.

Усё, вядома, іначай,

але

мне хочацца

ўяўляць цябе

зусім адну

ў цёплай ваньне зь зялёнаю пенай,

сам-насам з часопісам,

з жаночымі ўспамінамі

і з тэлефонам,

да якога ня трэба будзе бегчы,

пакідаючы на падлозе

мокрыя сьляды.

Загрузка...