Партыя ў більярд


У тую ноч

мы гулялі ў більярд.

Дагаралі ў каміне

рэшткі мінулага дня;

дымок ня пахнуў нічым —

напэўна таму,

што ад раніцы да вечару

мы так і не сустрэліся.

Я засяродзіўся на карамболях,

а ты

з грацыяй марцовае коткі

раптам выцягнулася

на зялёным сукне

ўва ўсёй раскошы

юнага

віялянчэльнага

цела і,

узмахнуўшы вейкамі,

прапанавала лічыць,

што гэта — поплаў

з матылькамі і смолкамі.

Мілавіца

зазірала ў вакно,

пазіруючы астраномам

і не здагадваючыся,

што тваё ўлоньне

пахне слуцкімі бэрамі.

А калі стаміўся камін,

калі адсьпявала віялянчэль,

і сьцішыліся ў люзах

блакітныя мятлушкі,

ты санліва сказала,

што твая душа

заначуе ў маёй...

Мы прачнуліся

ў розных ложках,

каб здрыгануцца

ад холаду,

каб выпіць ранішнюю каву

з тваёй срэбнай сьлязінкаю,

каб праз стагодзьдзе

ўспомніць наш більярд

у вандроўцы

па іншым часе.

Хто прыдумаў,

што ўсё праходзіць,

нават тое,

што праходзіць

праз сэрца?

Загрузка...