Варажба на чаінках 27 ліпеня


Завару

ў парцалянавым кубку

з «Пагоняй»

гарбату,

паваражу на чаінках:

ці доўга мне

жыць у доме,

населеным чужымі людзьмі

і задуменнымі прусакамі,

сярод якіх у мяне

завялася апошнім часам

парачка цікавых суразмоўцаў,

ці доўга мне

жыць на вуліцы,

дзе каты ў гэтым сакавіку

ўжо не ўспаміналі

маёй рыскі Басоты,

ці доўга мне

жыць у горадзе,

дзе садзяць за краты

паэтаў, якія калісьці

былі выведнікамі

нашае будучыні,

ці доўга мне

жыць у краіне,

што ўсё часьцей

прыводзіць на памяць

гісторыю пра павука,

якому адарвалі ногі

і загадваюць бегчы,

а паколькі ён ня можа,

робіцца выснова, што

вушы ў павукоў

месьцяцца на нагах.

Завару

ў парцалянавым кубку

з «Пагоняй»

гарбату,

і танец чаінак

застанецца галоўнай падзеяю

гэтага дня.

Загрузка...